Алесь Гурло | |
---|---|
| |
Асабістыя звесткі | |
Псеўданімы | Эхо Л. |
Дата нараджэння | 19 (31) студзеня 1892 ці 1892[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 4 лютага 1938 ці 1938[1] |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | |
Месца працы | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | пісьменнік, перакладчык, паэт, марак |
Гады творчасці | з 1909 |
Мова твораў | беларуская |
Грамадская дзейнасць | |
Партыя | |
Член у | |
Творы ў Вікікрыніцах | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Але́сь Гурло́, імя пры нараджэнні Алякса́ндр Кандра́тавіч Гурло́ (19 (31) студзеня 1892, Капыль, цяпер Мінская вобласць — 4 лютага 1938, Менск) — беларускі паэт, празаік, перакладчык, мовазнаўца. Аўтар рэдкай для беларускай літаратуры марынісцкай лірыкі.
Біяграфія
Раннія гады
Нарадзіўся ў вялікай сялянскай сям’і ў мястэчку Капыль. У раннім узросце ад сухотаў памерла маці. Таксама ў раннім узросце ад сухотаў паміралі іншыя дзеці, бацьку перажылі толькі Алесь і дачка Настасся. З маленства Алесь працаваў пастушком. З 11-гадовага ўзросту вучыўся па хатах у настаўніка («дарэктара»)[2]. Паступіў у Капыльскае двухкласнае вучылішча, якое скончыў у 1908 годзе.
Палітычная дзейнасць. Рэвалюцыя
Працаваў чорнарабочым на лесапільні, зарабляў падзённай работай. У 1909 годзе ўступіў у Капыльскую сацыял-дэмакратычную арганізацыю[2]; удзельнічаў у выданні рукапісных часопісаў «Заря», «Голос низа», «Вольная думка» (1910—1911, Капыль), супрацоўнічаў з украінскім часопісам «Вогні». У 1909 годзе дэбютаваў у друку апавяданнем «Ласун» у газеце «Наша Ніва». У 1912 годзе з дапамогай Змітра Жылуновіча, земляка з Капыля, уладкаваўся на работу на ліцейны завод «Вулкан» у Санкт-Пецярбургу. Сябраваў з Хведарам Чарнышэвічам[3]. У тым жа годзе яго вершы друкуюцца ў пецярбургскім літаратурным альманаху «Маладая Беларусь». З 1914 года служыў на Балтыйскім флоце Расійскай імперыі — спачатку матросам на крэйсеры «Багатыр», а ў Першую сусветную вайну — унтэр-афіцэрам на мінаносцы «Забіяка». Удзельнік баёў у Рыжскім заліве, быў паранены[4].
Лютаўскую рэвалюцыю 1917 года сустрэў у Рэвелі, дзе прыняў актыўны ўдзел у антыімперскіх маніфестацыях матросаў. У кастрычніку 1917 года паводле загаду рэвалюцыйнага Цэнтральнага камітэта Балтыйскага флоту эскадраныя мінаносцы «Забіяка», «Самсон», «Меткі» і іншыя пакінулі Гельсінгфорс, а раніцай 25 кастрычніка ўзялі курс на Петраград. Алесь Гурло з атрадам рэвалюцыйных матросаў прымаў удзел у штурме Зімняга палаца 25—26 кастрычніка 1917 года, у падаўленні антыбальшавіцкага паўстання ў Яраслаўлі 6—21 ліпеня 1918 года, у барацьбе з антыбальшавіцкімі сіламі Усходняга фронту Рускай арміі. У 1919 годзе цяжка паранены пад Казанню, камісаваны з арміі як інвалід. У 1919—1920 гадах працаваў у Ніжагародскім рачным порце[4].
Менскі перыяд
У 1921 годзе, атрымаўшы афіцыйнае запрашэнне ад урада Беларускай ССР, вярнуўся ў Беларусь. Жыў у Менску. Працаваў у Наркамаце асветы БССР. У 1922—1923 гадах супрацоўнік газеты «Савецкая Беларусь». У 1920-я гады ў тэрміналагічнай камісіі Інбелкульта, займаўся ў аспірантуры. Яго творы актыўна друкуюцца ў БССР. У 1929—1930 гадах навуковы супрацоўнік Інстытута мовы Беларускай Акадэміі навук. Быў членам літаратурных аб’яднанняў «Маладняк», «Полымя», «Пробліск». Браў удзел у стварэнні тэрміналагічных слоўнікаў, падрыхтаваў і выдаў слоўнік «Тэхнічная тэрміналёгія» (вып. 1. Менск, 1932), куды ўвайшло 6818 тэрмінаў па-беларуску. Рыхтаваў слоўнік краўцоўскай мовы мястэчка Капыль і краёвы слоўнік Капыльшчыны (матэрыялы страчаны ў час Другой сусветнай вайны).
Патрапіў пад раннюю хвалю палітычных рэпрэсій. Арыштаваны ДПУ БССР 25 ліпеня 1930 года па сфабрыкаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі». Паводле пастановы Калегіі ДПУ БССР ад 10 красавіка 1931 года высланы ў Самару на 5 гадоў (умоўна), вызвалены з-пад варты.
Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1934). Апошнія гады моцна хварэў, ездзіў на лячэнне ў Крым. Памёр ад сухотаў 4 лютага 1938 года. Пахаваны на Вайсковых могілках Мінска. Пасмяротна рэабілітаваны 15 лістапада 1957 года[5].
Сям’я
Быў жанаты з Марыяй Уладзіміраўнай Гурло (22.02.1904 — 08.05.1993). Верагодна, у пары была прыёмная дачка Ірына Мікалаеўна Чашчына (1924—2007)[6].
Творчасць
Выкарыстоўваў псеўданім і крыптанімы: Л.Эхо; А. Г.; А.Г-ло.
Часам памылкова пішацца, што Алесь Гурло дэбютаваў у 1907 годзе вершам «Маці-Беларусь» у газеце «Наша Ніва», аднак аўтарам таго верша ёсць Алесь Гарун[7][3]. Насамрэч Алесь Гурло дэбютаваў у «Нашай Ніве» ў 1909 годзе апавяданнем «Ласун». У 1912 годзе напісаў сямейна-бытавую драму «Любоў усё змагае».
Пісаў пра шлях беларускага народа з цемры да святла, пра няскоранасць абставінам і жорсткаму лёсу. Пачынаў з апявання цяжкай долі ў традыцыях Францішка Багушэвіча і Янкі Купалы («Дзе ты, доля…», «У турме» і інш.), працягнуў паказам актыўнага супрацьстаяння народа змрочным сілам у стылі марынісцкай лірыкі («Мора», «Думкі марака», «Шторм», «Заблішчалі ў цёмнай далі маякі» і інш.). У савецкі час узнёсла апісваў новую рэчаіснасць[7].
Аўтар зборнікаў паэзіі «Барвенак» (1924), «Спатканні» (1925), «Сузор’і» (1926), «Зорнасць» (1927), «Межы» (1929). Перакладаў на беларускую мову творы расійскіх і ўкраінскіх пісьменнікаў А. Аўдзеенкі, Фёдара Гладкова, У. Стаўскага і інш.
Бібліяграфія
- Барвенак (1924)
- Спатканні (1925)
- Сузор’і (1926)
- Зорнасць (1927)
- Межы (1929)
- «Тэхнічная тэрміналёгія» (вып. 1. Менск, 1932)
Пасмяротныя выданні
- Выбр. тв. Мн., 1950
- Вершы. Мн., 1972
- Нашы птушкі: (вершы для дзяцей). Мн., 1974
Ушанаванне памяці
У гонар Алеся Гурло названа вуліца ў Капылі[8].
5 верасня 2021 года на XXVIII Дні беларускага пісьменства ў Капылі адкрылася Алея пісьменнікаў — ураджэнцаў Капыльшчыны. На ёй быў прэзентаваны памятны знак у форме літары «Г», прысвечаны аўтарам Цішку Гартнаму і Алесю Гурло[2].
У 2023 годзе стары каларытны помнік на магіле Алеся Гурло, які быў падпісаны па-беларуску, быў заменены на чорную мармуровую пліту з надпісам па-руску[6].
Зноскі
- 1 2 Czech National Authority Database Праверана 21 лютага 2024.
- 1 2 3 Алесь (Аляксандр Кандратавіч) Гурло (недаступная спасылка). Нацыянальная бібліятэка Рэспублікі Беларусь. Архівавана з першакрыніцы 11 жніўня 2023. Праверана 11 жніўня 2023.
- 1 2 Таццяна Лаўрык. Хто аўтар верша «Маці-Беларусі»? . zviazda.by (20 мая 2022).
- 1 2 Беларускія пісьменнікі 1993, с. 280.
- ↑ Гурло Алесь . web.archive.org (marakou.by) (7 лютага 2022). Архівавана з першакрыніцы 7 лютага 2022. Праверана 11 жніўня 2023.
- 1 2 Нізавая русіфікацыя: на Вайсковых могілках замянілі надмагілле беларускага паэта і мовазнаўца Алеся Гурло на рускамоўнае . Наша Ніва. Праверана 12 жніўня 2023.
- 1 2 Беларускія пісьменнікі 1993, с. 281.
- ↑ События Великой Октябрьской революции и гражданской войны оставили памятный след и на улицах Копыля – Копыль. Новости Копыля | Слава працы (7 лістапада 2021). Праверана 12 жніўня 2023.
Літаратура
- Мішчанчук М. Гурло Алесь // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1993. — Т. 2. Верабей — Іваноў. — С. 280—284. — 541 с.; іл.. — ISBN 5-85700-075-0.
- Гурло Алесь // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. — 22 000 экз. — ISBN 5-340-00709-X.
- Гурло Алесь (Аляксандр Канстанцінавіч) // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 255. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 1. Абрамовіч—Кушаль. / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003. — 480 с. — ISBN 985-6374-04-9.
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 3. Кніга 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Мн., 2005.
- Агіевіч У. Алесь Гурло // Агіевіч У. Літаратура і жыццё. — Мн., 1954
- А. К. Гурло // Германовіч І. Беларускія мовазнаўцы. — Мн., 1985
- Хведаровіч М. Шлях паэта // Памятныя сустрэчы. — Мн., 1977
- Міхнюк У. Штрыхі да аўтапартрэта, напісанага Алесем Гурло ў сталінскіх засценках // ЛіМ. 1992, 10 крас.
- Возвращенные имена.
Спасылкі
- Гурло Алесь (Аляксандр Кандратавіч) на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»