«Александрыя» — помнік сусветнай літаратуры, прысвечаны апісанню жыцця і подзвігаў Аляксандра Македонскага.

Арыгінал твора з'явіўся ў 2—3 ст. на грэчаскай мове ў Егіпце і атрымаў шырокае распаўсюджанне ў сярэднявеччы на Захадзе і на Усходзе. У цэнтры твора ідэальны вобраз Аляксандра, які паказаны выдатным палкаводцам, чалавекам высокіх фізічных сіл і духоўных якасцей, мудрым і знаходлівым, мужным і высакародным. Сюжэт твора займальны, драматычна напружаны, багаты прыгодніцкімі і казачна-фантастычнымі элементамі.[1]

Мініяцюра з рамана «Александрыя». XV ст. НГМ РБ

Усходнім славянам «Александрыя» стала вядома ў 11—12 ст. У ВКЛ бытавала ў дзвюх рэдакцыях — сербскай і лацінскай. Першыя пераклады на старабеларускую мову былі зроблены ў 15 ст. Як сведчаць розныя крыніцы, гэты твор карыстаўся вялікай папулярнасцю ў чытачоў 16—18 ст. Раман пра Аляксандра Македонскага добра ведаў Ф. Скарына, сведчаннем чаго служыць згадка яго ў «Прадмове… ва ўсю Біблію».[1]

Зноскі

  1. 1 2 Скарына Ф. Творы:… С. 157.

Літаратура

  • Скарына Ф. Творы: Прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія / Уступ. арт., падрыхт. тэкстаў, камент., слоўнік А. Ф. Коршунава, паказальнікі А. Ф. Коршунава, В. А. Чамярыцкага. — Мн.: Навука і тэхніка, 1990. — С. 157. — 207 с.: іл. ISBN 5-343-00151-3.
This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.