Алганкіны Паўночнай Караліны. Малюнак 1585 г.

Алганкіны — група карэнных народаў Паўночнай Амерыкі, якія размаўляюць на алганкінскіх мовах. Назва паходзіць з мовы малісіт, на якой слова elakómkwik значыць блізкія сваяцкія адносіны[1]. Алганкінамі таксама называюць народ амамівініні, што ў нашы дні насяляе Квебек.

Паходжанне

Лічыцца, што група алганкінскіх народаў склалася 3000 — 2500 гадоў таму. У XX ст. была высунута гіпотэза аб існаванні ў мінулым протаалганкінскай мовы[2], носьбіты якой далі пачатак усім алганкінам. Яе прыхільнікі на аснове лінгвістычных дадзеных сцвярджаюць, што протаалганкіны першапачаткова насялялі тэрыторыі на захад і поўдзень ад Вялікіх азёр і пазней пачалі міграцыю на ўсход. Гэта часткова пацвярджаецца генетыкамі. Яны выявілі сувязь алганкінаў з сіў[3]. Археолагі сцвярджаюць, што рух старажытных алганкінаў на ўсход разарваў раннюю Місісіпскую культуру на верхнюю і ніжнюю.

Культура

Да прыходу еўрапейцаў алганкіны займаліся паляваннем, збіральніцтвам, рыбалоўствам і земляробствам. Нягледзячы на наяўнасць сталых паселішчаў, вялі вандроўны лад жыцця. Сезонна перамяшчаліся ўздоўж рэк, узбярэжжа акіяна і азёр. Галоўнай сацыяльнай адзінкай з’яўляўся род, які складаўся з нуклеарных сем’яў. Усходнія алганкіны былі аб’яднаны ў канфедэрацыі Вабанакі, паўхатан і магіканаў і інш., што процідзейнічалі пашырэнню канфедэрацыі іракезаў. На захадзе склаліся канфедэрацыі чарнаногіх, Ілінойс, Рада трох агнёў.

Алганкінскія народы аднымі з першых сярод індзейцаў увайшлі ў кантакт з еўрапейцамі, таму знаёмства з іх культурай моцна паўплывала на ўяўленні еўрапейцаў пра народы Паўночнай Амерыкі. Так, звычай беатук фарбаваць цела охрай прывёў да распаўсюджання абразлівага паняцця «чырванаскурыя». З алганкінскіх моў паходзяць словы «вігвам», «макасіны», «вампум», «тамагаўк», «апосум», многія тапонімы Паўночнай Амерыкі.

Спіс алганкінскіх народаў

Рассяленне алганкінскіх народаў да кантактаў з еўрапейцамі

Зноскі

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.