Акрэцыйны дыск — дыск, які ўтвараецца вакол зоркі ў выніку акрэцыі, калі рэчыва, якое падае, мае момант кручэння. Сітуацыя, якая прыводзіць да ўтварэння акрэцыйнага дыску, у прыватнасці, узнікае ў цесных падвойных сістэмах.
Механізм утварэння
Газ, які перацякае ад адной кампаненты сістэмы да іншай, мае значны момант кручэння, абумоўлены арбітальным рухам. Таму часціцы газу не могуць падаць на зорку радыяльна. Замест гэтага яны рухаюцца вакол яе па Кеплераўскім арбітам. З прычыны гэтага ўтворыцца газавы дыск, размеркаванне хуткасцяў у якім павінна адпавядаць законам Кеплера: пласты, змешчаныя бліжэй да зоркі, будуць мець большыя хуткасці. Аднак з-за трэння паміж пластамі газу іх хуткасці выраўноўваюцца, і ўнутраныя пласты перадаюць частку свайго моманту імпульсу вонкі. З прычыны гэтага ўнутраныя пласты набліжаюцца да зоркі і, у рэшце рэшт, падаюць на яе паверхню. Фактычна, траекторыі асобных часціц газу маюць выгляд спіралей, якія павольна закручваюцца.
Радыяльнае зрушэнне рэчывы ў акрэцыйным дыску суправаджаецца вызваленнем гравітацыйнай энергіі, частка якой ператвараецца ў кінетычную энергію (паскарэнне руху газу пры набліжэнні да зоркі), а іншая частка ператвараецца ў цяпло і разагравае рэчыва дыска. Таму акрэцыйны дыск выпраменьвае. Кінетычная энергія газу пры сутыкненні з паверхняй зоркі таксама трансфармуецца ў цеплавую энергію і выпраменьваецца.
Паняцце акрэцыйнага дыску ўжываецца для тлумачэння многіх з'яў фізікі нестацыянарных зорак.
Гл. таксама
- Нявырашаныя праблемы сучаснай фізікі
Літаратура
- Frank, Juhan; Andrew King; Derek Raine (2002), Accretion power in astrophysics (Third ed.), Cambridge University Press, ISBN 0-521-62957-8
- Акреційний диск // Астрономічний енциклопедичний словник / За загальною редакцією І. А. Климишина та А. О. Корсунь.. — Львів, 2003. — С. 56. — 547 с. — ISBN 966-613-263-X, УДК 52(031). Архівавана 26 верасня 2011. (укр.)