Выкапнёвыя рэшткі тарбазаўра
Isocrinus nicoleti
Estonioceras, ранні ардавік. Знойдзены ў Лідскім раёне ў 2008 г.

Выкапнёвыя рэшткі арганізмаў (акамянеласці) або сляды іх жыццядзейнасці, якія захоўваюцца ў розных горных пародах асадкавага паходжання. За рэдкімі выключэннямі ад арганізмаў застаюцца толькі асобныя часткі шкілету, таму больш-менш поўнае ўяўленне аб некалі існаваўшых жывёлах можна атрымаць толькі шляхам іх параўнання з роднаснымі ім сучаснымі формамі.

Утварэнне скамянеласцей (акамянеласцей)

Да нас даходзіць вельмі нязначная частка астанкаў некалі існаваўшых жывёл, бо большая частка іх або паядалася іншымі жывёламі, або разлагалася адразу пасля смерці. Астанкі, якія захаваліся, звычайна акаменяваюць — мінеральныя рэчывы, раствораныя ў вадзе, замяшчаюць рэчывы, з якіх першапачаткова складаліся в.а. Так, ізвястковыя ракавіны малюскаў могуць быць замешчаны крэмнязёмам, крамнёвыя шкілеты губак і радыяларый — кальцытам і г.д., часам з дэтальнай захаванасцю будовы цела жывёл.

Прадстаўленне аб арганізме даюць і муміфікаваныя рэшткі. Часцей за ўсё і даволі добра захоўваюцца шкілеты жывёл і іх разрозненыя часткі. Вядомы выпадкі, калі ў выніку растварэння шкілетнага астанку ў пародзе ўзнікае пустота, якая запаўняецца тым або іншым мінеральным рэчывам. Атрыманы злепак, які перадае форму аб'екта, называецца знешнім ядром. У тых выпадках, калі спачатку ўнутраная поласць шкілетнага астанку, напрыклад ракавіны, запапаўняецца, а потым ракавіна раствараецца, атрымліваецца ўнутранае ядро. Даволі часты выпадкі ўзнікнення скамянеласцей — калі ўсе поры, якія ёсць у астанка, запаўняюцца мінеральнымі рэчывамі, асаджанымі з водных раствораў; імі часта замяняееца і рэчыва самога шкілета з захаваннем яго структуры. Ад беспазваночных з хіцінавым шкілетам застаюцца тонкія абвугленыя праслойкі ў пародзе. Часам захоўваюцца рознага кшталту сляды жыццядзейнасці арганізмаў: сляды поўзання, свярлення, астанкі ежы, экскрыменты выкапнёвых жывёл. Захаванасць астанкаў залежыць ад будовы арганізмаў і ўмоў іх захаранення (лепш захоўваюцца трывалыя, масіўныя шкілеты або порыстыя, якія адносна хутка прапітваюцца мінеральнымі салямі), а таксама ад хуткасці захаранення ў асадку і ступені ізаляцыі ад рознага тыпу разбуральных агентаў. Захаванасць в.а. у водных басейнах значна лепшая, чым на сушы. Раздзел палеанталогіі і гістарычнай геалогіі, які вывучае працэсы ўтварэння месцазнаходжанняў в.а. арганізмаў, называецца тафаномія (ад грэч. taphos — магіла, паграбенне і nomos — закон). Тафаномія вывучае ўсе стадыі гэтага працэсу: утварэнне скапленняў адмёршых арганізмаў, перанос, захараненне, скамяненне. Т.мае значэнне для аднаўлення ўмоў абітання арганізмаў і працэсаў накапленняў асадкаў у раёне месцазнаходжання в.а.

Утварэнне скамянеласцей пачынаецца з адмірання жывёл. Адныя арганізмы паміраюць натуральным чынам, іншыя па розным прычынам — рэзкага павелічэння або паніжэння тэмпературы, розных захворванняў, паводак або засух, вывяржэнняў вулканаў. Пры гібелі адмерлыя целы арганізмаў могуць пераносіцца цячэннямі на вялікія адлегласці. Колькасць захаваных у выкапнёвым стане арганізмаў залежыць ад многіх прычын, але ў першую чаргу ад наяўнасці або адсутнасці шкілета. Бесшкілетныя жывёлы, такія як васьміногі і медузы, маюць мінімальныя шансы на захаванне. Жывёлы з масіўным шкілетам, напрыклад каралы, захоўваюцца нашмат часцей. Для пабудовы шкілета жывёлам служаць арганічныя злучэнні — тэкцін, спангін, хітын і неарганічныя — водны крэмнязём, кальцыт, араганіт, фасфат кальцыю. Тэкцін вядомы ў саркодавых, спангін у губак, хітын пераважна ў артрапод, часам у малюскаў. Крэмнявы шкілет будуюць радыяларыі і губкі, кальцытавы — фарамініферы, археацыаты, губкі, мшанкі, брахіяподы, паліхеты, некаторыя малюскі, ракападобныя, ігласкурыя. Араганітавы шкілет вядомы ў гідроідных і большасці малюскаў. Фасфат кальцыю выкарыстоўваюць брахіяподы, некаторыя артраподы і ўсе пазванковыя.

Захараненне. Пры захараненні астанкі адмершых арганізмаў пакрываюцца асадкам, які абмяжоўвае доступ кісларода. Астанкі кансервіруюцца. Аднак працэсы разлагання і гніення працягваюцца ў рыхлым асадку, насычаным вадою. Хуткае захараненне і адсутнасць кіслароду спрыяюць захаванню шкілетных астанкаў. Захараненне арганічных астанкаў звязана з працэсамі асадканакаплення і ўшчыльнення асадка, змяненню яго фізіка-хімічных уласцівасцей. Пры хуткім прапітванні мяккіх тканак мінеральнымі рэчывамі магчыма захаванне мяккіх тканак і органаў.

Фасілізацыя. Пераўтварэнне рыхлых асадкаў у горныя пароды, які суправаджаецца пераўтварэннем арганічных астанкаў у скамянеласці (фасілізацыя). Падчас фасілізацыі адбываецца змяненне арганічных астанкаў, іх скамяненне, запаўненне мінеральнымі рэчывамі пораў і пустот, якія змяшчаюцца ў астанках. Таксама можа адбывацца працэс перакрышталізацыі — пераўтварэння першаснай структуры шкілету без змянення яго хімічнага саставу. Напрыклад, менш трывалы араганіт замяшчаецца больш трывалым кальцытам, апалавы шкілет радыаларый і губак можа замяшчацца тонкакрышталічным кварцам, дробныя крышталікі кальцыта шкілетаў многіх арганізмаў замяшчаецца грубейшымі крышталікамі таго ж кальцыта. Замяшчэнне першаснага рэчыва шкілета хімічным рэчывам іншага саставу называецца метасаматозам. Найбольш часта распаўсюджаны працэс акрамянення, карбанатызацыі, ажалязнення, даламітызацыі. Пры акрамяненні першаснае шкілетнае рэчыва замяшчаецца разнастайнымі відамі крэмнязёма, пры карбанатызацыі крэмневыя або фасфатныя шкілеты замяшчаюцца карбанатам кальцыю. Ва ўмовах пірытызацыі першасны шкілет замяшчаецца пірытам або марказітам. Ва ўмовах акісляльнай серады адбываецца замяшчэнне разнастайнымі аксідамі жалеза. Пры даламітызацыі першаснае рэчыва замяшчаецца двайной соллю карбаната кальцыю і магнія.

Формы захаванасці. Цалкам захаваныя арганізмы ў выкапнёвым выглядзе сустракаюцца вельмі рэдка. Да ідэальных форм захаванасці можна аднесці кансервацыю насякомых і членістаногіх у бурштыну мелавога і палеагенавага ўзросту.

Шкілеты і іх часткі. Часцей за ўсё захоўваюцца шкілеты — ізвястковыя, крэмневыя, радзей арганічныя. Шкілеты захоўваюцца цалкам або часткова. Да цэлых шкілетаў можна аднесці ркавіны фарамініфер, малюскаў, брахіяпод, шкілеты каралаў, імшанак, ігласкурых і г.д. У выглядзе разрозненых частак шкілета сустракаюцца спікулы губак, сківіцы кольчатых чарвей і галаваногіх малюскаў, членікі сцяблін марскіх лілій, іголкі марскіх вожыкаў.

Унутраныя і знешнія ядры. Унутранае ядро прадстаўляе сабою злепак унутранай поласці ракавіны. Ядро ўтвараецца пры запаўненні поласці ракавіны, вызваленай пасля разлажэння мяккіх тканак цела. Унутранае ядро адлюстроўвае асаблівасці ўнутранай будовы ракавіны.

Знешняе ядро ўзнікае пасля разбурэння ракавіны, утварэння адбітка і запаўнення ўзнікшай поласці асадкам. Знешнія ядры перадаюць асаблівасці знешняй формы ракавіны. Яны часцей за ўсё бываюць пясчанымі, ізвястковымі, даламітавымі, фасфатнымі.

Адбіткі. Адбіткі мяккага цела надзвычай рэдкія. Адбіткі шкілетаў або частак шкілетаў сустракаюцца значна часцей. Яны ўзнікаюць у выніку поўнага разбурэння шкілетаў.

Сляды жыцця. Адрозніваюць экзогліфы — сляды, пакінутыя на паверхні асадка, і эндогліфы — сляды жыццядзейнасці ўнутры асадка. Форма слядоў жыцця залежыць ад ладу жыцця і паводзін жывёл. Адны і тыя ж сляды могуць быць пакінуты рознымі арганізмамі і, наадварот, розныя сляды пакідаюцца адной і той жа жывёлай. Да экзогліфаў адносяць сляды поўзання, ляжання, пагружэння ў асадак. Сляды жылых норак розных донных арганізмаў (ракаў, двустворак, трылабітаў) адносяць да эндогліфаў. Вылучаюць таксама і капраліты — выкапнёвыя экскрыменты жывёл, якія даюць магчымасць даследаваць рацыён жывёл, якія іх пакінулі.

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.