«Адысе́я» (стар.-грэч.: Ὀδυσσεία) — другая (пасля «Іліяды») класічная паэма, якая прыпісваецца старажытнагрэчаскаму паэту Гамеру.
Створаная, праўдападобна, у VIII стагоддзі да н. э. або крыху пазней. Напісана гекзаметрам (каля 12100 вершаў). Паэма складаецца з 24 песень і пачынаецца са звяртання да Музы. Распавядае аб прыгодах міфічнага героя па імі Адысей падчас яго вяртання на радзіму пасля заканчэнні Траянскай вайны, а таксама аб прыгодах яго жонкі Пенелопы, якая чакала Адысея на востраве Ітака.
Грэкі адчуваюць немагчымасць авалодаць Трояй. Тады найбольш разумны з іх — цар вострава Ітакі Адысей — прыдумляе велізарнага драўлянага каня, у якім хаваюцца грэчаскія ваяры (30 чалавек, сярод якіх Менелай і сам Адысей). Каня пакідаюць як падарунак траянцам, а грэкі робяць выгляд, што адплываюць дадому. Траянцы задаволены падарункам і святкуюць перамогу. Але дачка траянскага цара прарочыца Касандра і жрэц Лаакоан просяць суайчыннікаў не давяраць грэкам. У прарочыя словы Касандры ўжо даўно ніхто не верыць, а на Лаакаона і яго сыноў нападаюць дзве велізарныя змяі, накіраваныя апякункай грэкаў багіняй Афінай, і душаць іх. Каня ўвозяць у горад. Жанчыны кветкамі ўпрыгожваюць яго. Ноччу з чэрава каня вылазяць грэкі і адкрываюць гарадскія вароты. Ахейцы захопліваюць горад. Троя гіне. Усе мужчыны-абаронцы знішчаны, дзяцей і жанчын бяруць у палон. Выратоўваецца адзін з герояў — Эней — сын Анхіса і багіні Афрадыты. Ён са сваім сынам Юлам і некаторымі з простых жыхароў Троі плыве ў Італію, дзе асноўвае новую дзяржаву — будучую Рымскую імперыю.
Расповед пра лёс Троі — толькі адзін з устаўных эпізодаў «Адысеі», паэмы марскога падарожжа. Аўтар паэмы сабраў яе з матэрыялу самых розных міфаў, стварыўшы белетрыстычны твор, цэласны і гарманічны. Большасць з міфаў не маюць ніякага дачынення да падзення Троі. Але вобраз Адысея, героя Траянскай вайны цэментуе сюжэт.
3 Адысеем звязаны розныя падзеі, якія раней тычыліся іншых герояў казак ды легенд. Прычым Адысей — не авантурыст, свядомы шукальнік прыгод. Добры муж і бацька, цар земляробчага народа, ён пастаянна марыць пра вяртанне на радзіму. Але прыгоды нібы самі шукаюць яго. У неверагодных перыпетыях сюжэта вельмі цяжка раздзяліць вымысел і рэальнасць. Так, пачвары Сцыла і Харыбда — персаніфікаваныя горы па абодва бакі Месінскага праліва, на той час непраходнага для караблёў.
Адысей таму і герой, што перамагае страх. Яму хочацца ўсё паглядзець і ўсё паспытаць самому — ён дапытлівы, цікаўны чалавек. Так, ён адзіны са смяротных паслухаў спевы дзяўчат-сірэн і застаўся жывы — дзякуючы сваёй знаходлівасці. Яго цягне зведаць сакрэты чараўніцы Цырцэі. Тут згадваюцца выключна прыгожыя, але жахлівыя птушкі-сірэны; дзіўныя людзі, што ядуць лотас — царскую кветку; па-жаночы надзвычай прыцягальныя чараўніцы Цырцэя і Каліпса. У Адысею ўвасоблены рысы чалавека, пастаўленага перад абліччам Прыроды і Лёсу. I ён з гонарам — дзякуючы свайму розуму — выходзідь пераможцам з усіх небяспечных калізій.
Яшчэ адзін матыў у паэме — сустрэча мужа і жонкі пасля доўгага расстання. Пакуль Адысей адсутнічае, да яго жонкі Пенелопы сватаюцца шматлікія (паводле адной версіі, 112 чалавек) жаніхі. Яны падоўгу жывуць у доме Адысея, крыўдзяць яго дарослага сына Тэлемаха, застольнічаюць, увогуле паводзяць сябе непрыстойна. Праўда, яны традыцыйна кожны дзень на вачах Пенелопы праводзяць спартыўныя спаборніцтвы, як і належыць жаніхам, але затым балююць, бессаромна знішчаюць усе прыпасы, крыўдзяць насельнікаў палаца. Урэшце Пенелопа прапаноўвае ім вырашальнае выпрабаванне: стрэліць з лука Адысея. Зрабіць гэта здолеў толькі сам Адысей, які інкогніта і вельмі ў час вярнуўся на родны востраў у выглядзе жабрака. Больш за тое, ён расстрэльвае са свайго лука ўсіх (акрамя аднаго) жаніхоў, помсцячы за крыўды жонкі і сына. Затым Пенелопа пазнае мужа па прыкметах, якія ведаюць толькі яны — муж і жонка.
У вобразе Адысея гераічныя рысы (пераадоленне звышнатуральных перашкод і спакусаў) адступаюць на задні план перад якасцямі розуму, вынаходлівасцю і разважлівасцю. У паэме адлюстраваны рэаліі як старажытнага крыта-мікенскага перыяду, так і падзеі часоў жыцця самога Гамера.
Паэма здзіўляе сваёй шматграннасцю, шматпланавасцю. Тут адбіліся тысячагоддзі культурна-гістарычных напластаванняў. Менавіта таму часам супярэчлівымі і дзіўнымі выглядаюць героі эпасу, але ж яны — і прыцягваюць, вабяць чытачоў ужо на працягу трох тысяч гадоў. Па матывах «Адысеі» ў розны час створана мноства твораў літаратуры, выяўленчага мастацтва, кінематографа.
Літаратура
- Культуралогія: Энцыкл. даведнік / Уклад. Э. Дубянецкі. — Мн.: БелЭн, 2003. ISBN 985-11-0277-6
- Шамякіна Т. Антычная літаратура // Міфалогія і беларуская літаратура: нарысы і эсэ / Таццяна Шамякіна. — Мінск: Маст. літ., 2008. — С. 213—242. ISBN 978-985-02-0925-2.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Адысея