Адзіная спартыўная класіфікацыя Рэспублікі Беларусь (АСК) — нарматыўны дакумент, які вызначае парадак прысваення і пацверджання спартыўных званняў і разрадаў у Рэспубліцы Беларусь. Вызначае нормы, выкананне якіх неабходна для прысваення званняў і разрадаў для ўсіх афіцыйна прызнаных відаў спорту. АСК распрацоўваецца і прымаецца тэрмінам на чатыры гады.
Агульныя палажэнні
АСК з’яўляецца адзіным нарматыўным дакументам, які вызначае парадак прысваення афіцыйных спартыўных званняў і разрадаў і патрабаванні да спартсменаў, якія прэтэндуюць на гэтыя званні.
АСК вызначае як уласна нарматывы, якія павінен выканаць спартсмен для атрымання звання, так і ўмовы, у якіх гэтыя нарматывы павінны выконвацца: узровень спаборніцтваў, кваліфікацыю суддзяў, узровень супернікаў. Патрабаванні ўстанаўліваюцца індывідуальна для кожнага віду спорту, з улікам як яго спецыфікі, так і ўзроўню развіцця гэтага віду ў Рэспубліцы Беларусь.
Віды спорту
У АСК уключаюцца наступныя віды спорту:
- уключаныя ў праграму Алімпійскіх, Паралімпійскіх, Дэфлімпійскіх гульняў;
- не ўключаныя ў праграму Алімпійскіх, Паралімпійскіх, Дэфлімпійскіх гульняў, але прызнаныя Міжнародным алімпійскім камітэтам;
- не ўключаныя ў праграму Алімпійскіх, Паралімпійскіх, Дэфлімпійскіх гульняў і не прызнаныя Міжнародным алімпійскім камітэтам;
- спартыўна-тэхнічныя і ваенна-прыкладныя віды спорту (службовае мнагабор’е), якія развіваюць рэспубліканскія дзяржаўна-грамадскія аб’яднанні «Добраахвотнае таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту Рэспублікі Беларусь», "Беларускае фізкультурна-спартыўнае таварыства «Дынама», дзяржаўная установа «Спартыўны камітэт Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь».
Разрады і званні
Сістэма спартыўных званняў і разрадаў з’яўляецца адзінай для ўсіх відаў спорту. Прадугледжваюцца наступныя званні і разрады спартсменаў (у парадку змяншэння)[1]:
Спартыўныя званні:
- Майстар спорту Рэспублікі Беларусь міжнароднага класа (МСМК)
- Майстар спорту Рэспублікі Беларусь (МС)
- Майстар спорту Рэспублікі Беларусь міжнароднага класа сярод інвалідаў (МСМК сярод інвалідаў)
- Майстар спорту Рэспублікі Беларусь сярод інвалідаў (МС сярод інвалідаў)
Спартыўныя разрады:
- Кандыдат у майстры спорту Рэспублікі Беларусь (КМС)
- 1-ы спартыўны разрад
- 2-і спартыўны разрад
- 3-і спартыўны разрад
- 1-ы юнацкі разрад
- 2-і юнацкі разрад
- 3-і юнацкі разрад
- кандыдат у майстры спорту Рэспублікі Беларусь сярод інвалідаў (КМС сярод інвалідаў)
- I разрад сярод інвалідаў
- II разрад сярод інвалідаў
- III разрад сярод інвалідаў
- 1-ы юнацкі разрад сярод інвалідаў
- 2-і юнацкі разрад сярод інвалідаў
- 3-і юнацкі разрад сярод інвалідаў
Патрабаванні і парадак прысваення званняў
- Званні МСМК і МС па відах спорту прысвойваюцца Міністэрствам спорту і турызму Рэспублікі Беларусь па прадстаўленні ўпраўленняў фізічнай культуры, спорту і турызму абласных, Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў; па спартыўна-тэхнічных і ваенна-прыкладных відах спорту (службовых мнагаборствах) — па прадстаўленні БФСТ «Дынама», Спартыўнага камітэта Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, ДТСААФ, узгодненым з рэспубліканскімі федэрацыямі (саюзамі, асацыяцыямі) па віду (відах) спорту.
- Званні МСМК сярод інвалідаў, МС сярод інвалідаў прысвойваюцца Міністэрствам спорту і турызму па прадстаўленні Федэрацыі фізічнай культуры і спорту Беларускага таварыства інвалідаў па зроку, Беларускай федэрацыі фізічнай культуры і спорту інвалідаў і Беларускай спартыўнай федэрацыі глухіх.
- Спартыўныя званні прысвойваюцца толькі грамадзянам Рэспублікі Беларусь.
Зноскі
- ↑ Единая спортивная классификация Республики Беларусь 2013—2016 гг. Архівавана 20 верасня 2018.