Абстэ́рнаўская група азёр — група азёр на мяжы Браслаўскага і Мёрскага раёнаў Віцебскай вобласці, у басейне ракі Вята.
У склад Абстэрнаўскай групы ўваходзяць 13 азёр (агульная плошча 32 км², аб’ём вады 140 млн м³), злучаных сістэмай мелкаводных забалочаных пратокаў. Найбольшыя з іх: Абстэрна, Укля, Набіста, Важа, Інава.
Азёры злучаныя сістэмай мелкаводных забалочаных пратокаў, дрэніруюцца ракой Хараброўка, якая пачынаецца з возера Набіста, цячэ праз возера Шчоўна, выцякае з яго пад назвай Вята.
Група азёр размешчана паміж адгор′ямі Браслаўскай марэннай грады і Полацкай азёрна-ледавіковай нізінай. Пры пераходзе ад нізіны да ўзвышша добра выражаны тэрасавы ўступ старажытнага вадаёма.
У эпоху адступання паазерскага ледавіка на месцы азёрнага басейна быў буйны масіў нерухомага лёду, пахаванага пад слоем рыхлых пясчана-гліністых водна-ледавіковых парод. Пасля спуску Полацкага прыледавіковага возера ў раннім галацэне пачалі фарміравацца катлавіны сучасных азёр пры актыўным удзеле тэрмакарставых працэсаў.
На ўсход ад азёр Абстэрна і Набіста буйныя балотны і хваёва-бярозава-альховы масівы. Да азёр прымыкае гідралагічны заказнік Балота Мох. У 1960-х гадах, пасля будаўніцтва плаціны на Хараброўцы, узровень азёр павысіўся на 80—100 см, што спрыяла іх «амаладжэнню» і паляпшэнню фізіка-хімічнай якасці вады.
Азёры маюць рыбапрамысловае значэнне, выкарыстоўваюцца для адпачынку і турызму.
Літаратура
- Блакітны скарб Беларусі: Рэкі, азеры, вадасховішчы / Маст.: Ю. А. Тарэеў, У. І. Цярэнцьеў — Мн.: БелЭн, 2007. — 480 с.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 1. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0036-6 (т.1).
- Энцыклапедыя прыроды Беларусі / гал. рэд. І. П. Шамякін. Т. 1. — Мн.: БелСЭ, 1983. — С. 21-22.