Абстра́ктны экспрэсіяні́зм (англ. abstract expressionism) — плынь у абстрактным мастацтве, якая акцэнтуе ўвагу на працэсе жывапісу, уласцівасцяў працэсу малявання і ўзаемадзеянні мастака, фарбы і палатна.
Узнікла ў пачатку 1940-х г. пад непасрэдным уплывам эстэтыкі сюррэалізму і выпрацаваных ім прыёмаў псіхічнага аўтаматызму. Абстрактны экспрэсіянізм прадстаўлены творчасцю мастакоў «нью-ёркскай школы» — Джэксана Полака, Марка Ротка, Вілема дэ Кунінга, Ганса Гофмана, Франца Клайна і інш. Галоўная адметная рыса абстрактнага экспрэсіянізму — крайняя спантаннасць, імправізацыйнасць творчага акта. Прадстаўнікі абстрактнага экспрэсіянізму звычайна ў імклівым тэмпе наносілі на палатно буйныя энергічныя мазкі, нярэдка выкарыстоўвалі прыём дрыпінгу (распырскванне або выцісканне фарбы адразу на палатно), што адлюстроўвала іх псіхічны і эмацыянальны стан у канкрэтныя перыяды працы над сваім творам. Імпульсіўнасць, непасрэднасць абстрактнага экспрэсіянізму ўспрымаліся як выяўленне бязмежнай унутранай свабоды, пратэст супраць умоўных эстэтычных норм і сацыяльных абмежаванняў. Абстрактны экспрэсіянізм дамінаваў у мастацкім жыцці ЗША да пачатку 1960-х г., даў імпульс да развіцця розных форм акцыянізму.
Літаратура
- Культуралогія: Энцыклапедычны даведнік. Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2003. ISBN 985-11-0277-6
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Абстрактны экспрэсіянізм