Абрам Рыгоравіч Духан | |
---|---|
Дата нараджэння | 6 сакавіка 1924 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 14 лютага 1979 (54 гады) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | СССР |
Бацька | Рыгор Абрамавіч Духан |
Альма-матар | |
Працы і дасягненні | |
Месца працы | |
Працаваў у гарадах | Мінск |
Найважнейшыя пабудовы | Мінскі паштамт, Галоўны корпус Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Дом палітычнай асветы Мінск |
Абрам Рыгоравіч Духан (6 сакавіка 1924, Мінск — 14 лютага 1979, Мінск) — беларускі архітэктар.
Біяграфія
Абрам Рыгоравіч Духан нарадзіўся 6 сакавіка 1924 года ў г. Мінску ў сям’і медыцынскіх працаўнікоў. Бацька — Рыгор Абрамавіч Духан (1897—1945) — выдатны медыцынскі дзеяч, садзейнічаў у фарміраванні сістэмы беларускай савецкай аховы здароўя (у 1920-1940-х гг.), маці, Любоў Давыдаўна, працавала ў 3-й клінічнай бальніцы ў прафесара Я. У. Клумава[1]. Дзяцінства і юнацтва праходзілі ў цэнтральнай частцы Мінска ў раёне плошчы Свабоды і вул. Інтэрнацыянальнай[2].
Маці убачыла ў сына схільнасць да малявання і заахвочвала гэта захапленне. У 1937 годзе Абрам Духан стаў адным з першых вучняў мастацкай студыі пры Палацы піянераў і школьнікаў, створанай мастаком Сяргеем Катковым. У гэты перыяд юнак пачаў звязваць сваё жыццё з архітэктурай[1].
У час Вялікай Айчыннай вайны сям’я перажыла бамбардзіроўку Мінска 24 чэрвеня 1941, змагла пакінуць горад і эвакуіравацца спачатку ў Саратаў, а затым у г. Фрунзэ (Кыргызстан). Пасля заканчэння школыў 1942 годзе, паступіў у Харкаўскі медыцынскі інстытут, які знаходзіўся ў Фрунзэ. У інстытуце ўжо вучыўся яго стрыечны брат Яфрэм Злотнік, які пасля стаў вядомым нейрахірургам[3]. Аднак праз год падаў дакументы на архітэктурны факультэт Харкаўскага інжынерна-будаўнічага інстытута[1].
У 1944 годзе перавёўся ў Маскоўскі архітэктурны інстытут. Шмат часу праводзіў у бібліятэках, музеях, філармоніі, на публічных абмеркаваннях конкурсных праектаў у Доме архітэктара, працаваў над курсавымі праектамі[1]. У 1945 г. памёр бацька, і востра стала пытанне пра працяг вучобы, але сям’я ўсё ж падтрымала яго[2]. У 1949 годзе Абрам Духан паспяхова абараніў дыпломны праект (кіраўнік прафесар М. П. Паруснікаў) і вярнуўся ў Мінск[1].
Працаваў у інстытуце «Белдзяржпраект» у архітэктурнай майстэрні Г. У. Заборскага, архітэктар, старшы архітэктар, кіраўнік групы архітэктараў, галоўны архітэктар праектаў, кіраўнік майстэрні. У 1949—1954 гадах сумесна з Уладзімірам Адамовічам Каралём праектаваў галоўны паштамта. Творчае супрацоўніцтва гэтых архітэктараў працягнулася і пры распрацоўцы праекта будынка тэлеграфа на Цэнтральнай плошчы Мінска[1].
Член Саюза архітэктараў СССР з 1956 года.
Творчасць
Адным з першых сярод беларускіх архітэктараў праектаваў новы тып грамадскіх будынкаў для абласных і раённых камітэтаў КПБ і райвыканкамаў, раённых судоў.
- будынкі Сталінскага райкама КПБ (сучасны будынак раённай адміністрацыі), Фрунзенскага райкама па вул. Астроўскага (Ракаўская) і Савецкага па вул. Дарашэвіча, Палескага абкама КПБ у г. Мазыры (усе 1950-я)[1].
- Дом палітычнай асветы (суаўт.) Мінск, вул. Я. Купалы, 21 (праектаванне 1951 г., будаўніцтва — 1954 г., сумесна з М. Драздовым);
- Будынак выдавецтва ЦК КПБ. Праспект Незалежнасці, № 77, Мінск. (праектаванне 1955 г., будаўніцтва — 1966 г.)[1];
- Адміністрацыйна-жылы дом Камітэта прамысловых рэзерваў БССР. Вул. Урыцкага, № 3 Мінск. (праектаванне 1949 г., будаўніцтва 1950—1951 гг.);
- будынкі Мінскага педінстытута імя А. М. Горкага (1949);
- Галоўны корпус Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта на пл. Леніна (праектаваўся з 1957 года, пазней да працы быў падключаны архітэктар М. І. Бакланаў)[1];
- Будынак тэатра імя Янкі Купалы (рэканструкцыя 1956-58 гг.)
- Будынак Цэнтральнага тэлеграфа на Цэнтральнай плошча (цяпер прадпрыемства «Белтэлекам», 1962 г., сумесна з У. Каралём)[1];
- 102-х кватэрны жылы дом на рагу праспекта (№ 48) і вул. Дрэваапрацовачнай (цяпер бульвар Мулявіна)[1];
- Ансамбль адміністрацыйна-грамадскіх будынкаў па праспекце Машэрава (Пераможцаў): Беларускі навукова-даследчы інстытут навукова-тэхнічнай інфармацыі (БелНДІТІ), Дом кнігі, Белкаапсаюз (1974, над праектам таксама працавалі А. Красоўскі, В. Кісель, У. Трацэўскі)[1] па праспекце Машэрава;
- Рэканструкцыя навуковага гарадка АН БССР, комплекс карпусоў інстытутаў матэматыкі і грамадскіх навук АН БССР (1971, разам з А. Красоўскім і Л. Хаюціным)[1];
- 14-павярховыя будынкі Вылічальнага цэнтра і інстытутаў аддзялення грамадскіх навук АН БССР па вул. Сурганава і Акадэмічнай, злучаныя пераходамі з Музеем старажытнай беларускай культуры (1976)[1];
- 16-павярховыя дамы ў на пл. Перамогі ў Магілёве[1];
- 9-павярховыя дамы па Пушкінскім праспекце ў Магілёве[1];
- будынак Дома Саветаў у г. Ашмяны (сааўтар В. Кісель)[1] (1979);
- тыпавыя праекты дзіцячых садоў (у суаўтарстве з А. Красоўскім і Л. Хаюціным).
Зноскі
Літаратура
- Духан Абрам Григорьевич // Архитекторы Советской Белоруссии: Биогр. справочник / Союз архитекторов БССР; Сост. В. И. Аникин и др. — Мн.: Беларусь, 1991. — 262 с. — ISBN 5-338-00611-1. (руск.)
Спасылкі
- Архітэктар Абрам Духан Архівавана 12 чэрвеня 2011. (руск.)
- Майстры каменнага летапісу: Абрам Духан (руск.)
- Абрам Духан Архівавана 17 лютага 2009. (руск.)
- Будынак тэатра імя Янкі Купалы Архівавана 16 ліпеня 2014. (руск.)
- Детали от Бомы. Абрам Духан — из тех людей, которых помнят по их работам