Нацыянальная акадэмія навук Беларусі | |
---|---|
National Academy of Sciences of Belarus | |
Галоўны будынак НАНБ. Мінск, пр-т Незалежнасці | |
Краіна | |
Адміністрацыйны цэнтр | |
Тып арганізацыі | акадэмія навук і урадавы будынак[d] |
Афіцыйныя мовы | Руская, Беларуская |
Кіраўнікі | |
Старшыня Прэзідыума | акадэмік Уладзімір Рыгоравіч Гусакоў |
Першы Намеснік Старшыні Прэзідыума | акадэмік Сяргей Антонавіч Чыжык |
Намеснік Старшыні Прэзідыума | вакантна |
Намеснік Старшыні Прэзідыума | член-карэспандэнт Пётр Пятровіч Казакевіч |
Намеснік Старшыні Прэзідыума | член-карэспандэнт Аляксандр Уладзіміравіч Кільчэўскі |
Намеснік Старшыні Прэзідыума | Алег Анатолевіч Чарнышоў |
галоўны вучоны сакратар | Васіль Леанідавіч Гурскі |
Заснаванне | |
Дата заснавання | 13 кастрычніка 1928 |
Член у | |
Мінск, пр. Незалежнасці, 66. | |
Узнагароды |
|
nasb.gov.by/bel | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, НАН Беларусі, НАНБ, гістарычныя назвы: Беларуская акадэмія навук (1929—1936); Акадэмія навук БССР (1936—1991); Акадэмія навук Беларусі (1992—1997) — вышэйшая дзяржаўная навуковая ўстанова Рэспублікі Беларусь, ажыццяўляе арганізацыю, правядзенне і каардынацыю фундаментальных і прыкладны́х навуковых даследаванняў і распрацовак па розных напрамках прыродазнаўчых, тэхнічных, гуманітарных, сацыяльных навук і мастацтваў.
Акадэмія навук падпарадкоўваецца Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, падсправаздачная Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь і ажыццяўляе арганізацыю, правядзенне і каардынацыю фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў і распрацовак па важнейшых напрамках прыродазнаўчых, тэхнічных, гуманітарных, сацыяльных навук і мастацтваў з мэтай навуковага забеспячэння эканамічнага, сацыяльнага і культурнага развіцця Рэспублікі Беларусь, а таксама выконвае ў межах паўнамоцтваў, устаноўленых Законам Рэспублікі Беларусь «Аб Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» і Статутам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, асобныя функцыі рэспубліканскага органа дзяржаўнага кіравання ў галіне навукі.
Гістарычны нарыс
Акадэмія навук была на базе навукова-даследчай і культурна-грамадскай установы рэспублікі — Інстытута беларускай культуры (Інбелкульт) (1922—1928), які быў рэарганізаваны ў Акадэмію навук пастановай Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта і Савета Народных Камісараў БССР ад 13 кастрычніка 1928.
Урачыстае адкрыццё Акадэміі навук адбылося ў 1 студзеня 1929 у дзясятую гадавіну ўтварэння Беларускай ССР. Першым прэзідэнтам Акадэміі навук стаў гісторык прафесар У. М. Ігнатоўскі. На дзень адкрыцця штат акадэміі складаў толькі 128 чалавек, з іх 87 навуковых супрацоўнікаў. Аднак з самага пачатку Акадэмія навук стала вядучым навуковым цэнтрам, што ўплываў на эканамічнае, тэхналагічнае, сацыяльнае і культурнае развіццё рэспублікі. У пачатку 1941 у Акадэміі навук працавала каля 750 чалавек. У яе структуры было 12 навукова-даследчых устаноў, з іх 9 інстытутаў.
У перыяд Вялікай Айчыннай вайны (1941—1945) нармальная дзейнасць акадэміі была перарваная. Частка навукоўцаў працягвала свае даследаванні ў інстытутах Расіі і іншых рэгіёнаў былога Савецкага Саюза. Многія супрацоўнікі прынялі ўдзел у ваенных дзеяннях. За годы вайны акадэмія, як і ўся гаспадарка Беларусі, панесла значныя страты. Навуковыя лабараторыі, абсталяванне, будынкі, фонды бібліятэкі былі спаленыя ці разрабаваныя. У 1945 агульная колькасць супрацоўнікаў акадэміі складала 360 чалавек.
Пасля вызвалення Мінска ў ліпені 1944 на пачатак 1945 восем інстытутаў акадэміі ўзнавілі сваю дзейнасць, а ў 1951 у Акадэміі навук налічвалася ўжо 29 навукова-даследчых устаноў, з іх 16 інстытутаў. Агульная колькасць супрацоўнікаў дасягнула 1234 чал., у тым ліку ў акадэміі працавалі 33 акадэмікі, 27 членаў-карэспандэнтаў, 55 прафесароў і дактароў навук, 165 кандыдатаў навук. Профіль далейшых навукова-даследчых работ акадэміі складваўся пад уплывам змяненняў у структуры народнай гаспадаркі рэспублікі, патрэбнасцяў развіцця навукі, склаўшыхся традыцый і наяўнага навуковага патэнцыялу. Развіццё акадэміі і падрыхтоўка спецыялістаў для яе інстытутаў ажыццяўлялася пры падтрымцы ўрада ў Беларусі і СССР, а таксама вядучых навуковых цэнтраў Масквы, Ленінграда і іншых гарадоў былога Савецкага Саюза.
У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 15 мая 1997 г. № 281 «Аб Нацыянальнай акадэміі наук Беларусі» Акадэмія навук была ператворана ў Нацыянальную акадэмію навук са статусам вышэйшай дзяржаўнай навуковай арганізацыі Беларусі, адказнай за каардынацыю і правядзенне фундаментальных навуковых даследаванняў.
Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 5 сакавіка 2002 г. № 7 Архівавана 16 студзеня 2014. на НАН Беларусі ўскладзены функцыі рэспубліканскага органа дзяржаўнага кіравання па некаторых пытаннях фінансавання навуковай і інавацыйнай дзейнасці, развіцця інфарматызацыі і сістэмы навукова-тэхнічнай інфармацыі, кантролю за эфектыўным выкарыстанняем дзяржаўных сродкаў, што выдзляюцца на фінансаванне навуковых даследаванняў і распрацовак, а таксама правядзення навукова-тэхнічнай экспертызы. У яе склад былі ўключаны Акадэмія аграрных навук Рэспублікі Беларусь, Беларускі рэспубліканскі фонд фундаментальных даследаванняў, Беларускі дзяржаўны навукова-вытворчы канцэрн міжгаліновага машына- і прыборабудавання, Беларускі дзяржаўны навукова-вытворчы канцэрн парашковай металургіі, створаны іншыя арганізацыйныя структуры.
За 86-гадовую гісторыю ў НАН Беларусі сфарміраваліся аўтарытэтныя навуковыя школы, выраслі вучоныя з сусветным імем. Імі вырашаны шэраг буйных тэарэтычных і прыкладных праблем у галіне матэматыкі, фізікі, хіміі, біялогіі, навук аб Зямлі, гуманітарных і сацыяльных навук. Буйныя навуковыя вынікі атрыманыя практычна па ўсіх сфарміраваных навуковых даследаванняў і распрацовак, шырока вядомыя і атрымалі высокую ацэнку ў Беларусі і за яе межамі. Вынікі даследаванняў акадэмікаў Я. Р. Канавалава (фізіка, 1972), А. А. Ахрэма (хімія, 1975), М. А. Барысевіча (фізіка, 1977), Ф. І. Фёдарава (фізіка, 1980), В. І. Вацякова (медыцына, біялогія, 1986), У. С. Улашчыка (медыцына, біялогія, 1991), кандыдата хімічных навук В. А. Лапінай (біяфізіка, біяхімія, 1991) зарэгістраваны ў якасці навуковых адкрыццяў.
Станам на 1 студзеня 2013 года ў Акадэміі навук працавала звыш 9 тыс. работнікаў, якія выконвалі навуковыя даследаванні і распрацоўкі (разам з тэхнікамі, дапаможным і абслугоўваючым персаналам — больш за 16 тыс.). Сярод іх было 459 дактароў навук і 1707 кандыдатаў навук.
Станам на 1 студзеня 2015 года ў Акадэміі навук знаходзіліся 91 акадэмік, 2 ганаровыя члены, 13 замежных членаў і 122 члены-карэспандэнты.
З 2017 года — базавая акадэмія навук Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук.
Кіраванне
- Агульны сход. Складаецца са старшыні, членаў Прэзідыума, акадэмікаў, членаў-карэспандэнтаў, кіраўнікоў навуковых устаноў, прадстаўнікоў ведамстваў і ўніверсітэтаў. Склікаецца Прэзідыумам двойчы на год. Ухваляе пастановы для выканання Прэзідыумам, Бюро і навуковымі ўстановамі.
- Прэзідыум. Склад вызначаецца прэзідэнтам Беларусі. Зацвярджае правядзенне навуковых даследаванняў.
- Бюро. У яго склад уваходзяць старшыня, яго намеснікі і галоўны навуковы сакратар акадэміі. Ухваляе гадавы разлік выдаткаў і наглядае за яго выкананнем.
Акадэмія мае 7 аддзяленняў:
- Аддзяленне фізікі, матэматыкі і інфарматыкі;
- Аддзяленне фізіка-тэхнічных навук;
- Аддзяленне хіміі і навук аб Зямлі;
- Аддзяленне біялагічных навук;
- Аддзяленне медыцынскіх навук;
- Аддзяленне гуманітарных навук і мастацтваў;
- Аддзяленне аграрных навук.
На 2018 год Апарат Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ўключаў:
- 4 галоўныя ўпраўленні: 1) навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйна-вытворчай дзейнасці, 2) планава-фінансавае, 3) міжнароднай навукова-тэхнічнай супрацы, 4) кадраў і кадравай палітыкі;
- 5 ўпраўленняў: 1) навукова-арганізацыйнай, аналітычнай і прававой працы, 2) бухгалтарскага ўліку і справаздачнасці, 3) арганізацыйнае, 4) маёмасных дачыненняў, 5) інвестыцыйнай дзейнасці і адміністрацыйна-сацыяльных пытанняў;
- 2 аддзелы: 1) кантрольна-рэвізійны, 2) касмічнай дзейнасці[3].
Комплекс будынкаў
Нацыянальная акадэмія навук Беларусі ўяўляе сабой комплекс навукова-даследчых устаноў, будынкаў адміністрацыйнага, гаспадарчага і вытворчага прызначэння. Будаўніцтва першых карпусоў пачалося ў 1931—1932 гг. паводле праекта Г. Лаўрова, з 1935 г. праектаванне пад кіраўніцтвам І. Лангбарда. Адноўлены пасля Вялікай Айчыннай вайны галоўны корпус стаў адным з асноўных кампазіцыйных акцэнтаў галоўнай магістралі Мінска.
Узнагароды Акадэміі
- Нагрудны знак «Залаты медаль НАН Беларусі «За вялікі ўклад у развіццё навукі»».
- Нагрудны знак адзнакі імя У. М. Ігнатоўскага НАН Беларусі.
- Ганаровая грамата Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
- Падзяка Старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
- Прэмія Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
Гл. таксама
Зноскі
- ↑ https://council.science/member/belarus-national-academy-of-sciences-nasb/ Праверана 9 кастрычніка 2022.
- ↑ https://www.interacademies.org/network/member-academies Праверана 22 снежня 2022.
- ↑ Апарат НАН Беларусі . Нацыянальная акадэмія навук Беларусі (14 чэрвеня 2018). Праверана 2 жніўня 2018.
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11).
- Республика Беларусь. Т. 2 : энциклопедия. — Мн., 2006.
- О научной и инновационной деятельности в Республике Беларусь в 2012 году. — Мн., 2013.
- ВОЗВРАЩЕННЫЕ ИМЕНА. Сотрудники АН Беларуси пострадавшие в период сталинских репрессий. Сост. и авт. предисл. Н. В. Токарев; Под редакцией академика АН Беларуси А. С. Махнача. — Мн.: Навука i тэхнiка, 1992. —120 с.: ил. (руск.)
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
- Афіцыйная старонка
- Нацыянальная акадэмія навук Беларусі на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»
- Нацыянальная акадэмія навук Беларусі на сайце «Архіварта»