Іван Мележ
Іван Мележ, выява з паштовай маркі Беларусі (фрагмент)
Іван Мележ, выява з паштовай маркі Беларусі (фрагмент)
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 8 лютага 1921(1921-02-08)[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 9 жніўня 1976(1976-08-09) (55 гадоў)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Жонка Лідзія Якаўлеўна Пятрова-Мележ[d]
Альма-матар
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці пісьменнік, публіцыст, драматург, літаратуразнавец
Гады творчасці 19391976
Мова твораў беларуская
Грамадская дзейнасць
Член у
Прэміі
Узнагароды
ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга ордэн Чырвонай Зоркі Ордэн «Знак Пашаны»
Народны пісьменнік Беларусі
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Лагатып Вікіцытатніка Цытаты ў Вікіцытатніку

Іва́н Па́ўлавіч Ме́леж (8 лютага 1921, Глінішча, Рэчыцкі павет — 9 жніўня 1976, Мінск) — беларускі пісьменнік, драматург, публіцыст. Аўтар трылогіі «Палеская хроніка» («Людзі на балоце», «Подых навальніцы», «Завеі, снежань»), якая лічыцца нацыянальнай эпапеяй. Народны пісьменнік Беларусі (1972).

Біяграфія

Раннія гады

Глінішча і наваколлі на карце 1924 г.

Нарадзіўся 8 лютага 1921 года ў вёсцы Глінішча Рэчыцкага павета Гомельскай губерні (цяпер — Хойніцкі раён Гомельскай вобласці). Разам з Іванам у сялянскай сям’і было шасцёра дзяцей[2]. Бацька — Павел Фёдаравіч, рабіў гонты, дзяжы, цабэркі, наймаўся ўстаўляць вокны і дзверы ў новыя хаты. Маці — Марыя Дзянісаўна, родам з Каранёўкі, ведала шмат народных песень і любіла спяваць. Іван з пяці гадоў пасвіў свіней, пасля — авечак, цялят, карову, пазней вадзіў у начное каня.

Скончыў пачатковую школу ў Глінішчы, пасля сямігодку ў Алексічах, дзесяцігодку скончыў у Хойніках у 1938 годзе. У школе ўдзельнічаў у драматургічным гуртку. У 1938 годзе паступаў у Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры, але не прайшоў конкурс[3].

Вярнуўся на радзіму, працаваў загадчыкам аддзела піянераў Хойніцкага раённага выканаўчага камітэта камсамола. У 1939 годзе, з другой спробы, стаў студэнтам Маскоўскага інстытута гісторыі, філасофіі і літаратуры, але неўзабаве быў прызваны ў савецкую армію[3].

Другая сусветная вайна

Служыў у 289-м палку 192-й горна-артылерыйскай дывізіі ва Украіне, у Карпатах. У 1940 годзе ўдзельнічае ў паходах на Бесарбію і Букавіну[4]. У арміі, нягледзячы на забарону, вядзе ваенныя дзённікі, у большасці згубленыя ў 1941 годзе.

Напад Германіі на СССР сустракае ў Старым Самборы Львоўскай вобласці. З першых дзён на фронце — на Збручы, пад Уманню, Мікалаевым, Сінелькавым, Растовам-на-Доне, Лазавой. У снежні 1941 года атрымаў раненне. У лютым—траўні 1942 года вучыўся ў Каменску на курсах палітычнага складу Паўднёвага фронту, па заканчэнні камандзіраваны ў 51-ю стралковую дывізію як супрацоўнік газеты «Красноармейская правда» («Чырвонаармейская праўда»)[4].

20 чэрвеня 1942 года цяжка паранены, асколак бомбы раздрабіў правае плячо. Лячыўся ў шпіталях Растова, Есентукоў, Тбілісі. Трапіў у горад Бугуруслан, з лістапада 1942 года выкладаў ваенную падрыхтоўку і завочна вучыўся на літаратурным факультэце Малдаўскага педагагічнага інстытута (месціўся ў Бугуруслане)[4]. У Бугуруслане Мележ ажаніўся.

У 1943—1944 гадах выкладаў ваенную падрыхтоўку ў Беларускім дзяржаўным універсітэце (месціўся тады на станцыі Сходня пад Масквой). Працу выкладчыкам ваеннай падрыхтоўкі БДУ сумяшчаў з вучобай на завочным аддзяленні філалагічнага факультэта БДУ, пасля перавёўся на стацыянарнае навучанне.

Творчы перыяд

У жніўні 1944 года разам з БДУ пераехаў ў Мінск, скончыў універсітэт у 1945 годзе. У 1945—1948 гадах вучыўся ў аспірантуры пры БДУ, працаваў над дысертацыяй паводле творчасці Кузьмы Чорнага. Дысертацыю не скончыў, але ў гэты ж час пачаў публікавацца як пісьменнік. Матэрыялы дысертацыі сталі асновай артыкула «Пра творчасць Кузьмы Чорнага»[4].

З траўня 1945 года па студзень 1947 года адначасова з вучобай у аспірантуры, працаваў у рэдакцыі часопіса «Полымя». Па заканчэнні аспірантуры працаваў старшым выкладчыкам беларускай літаратуры ў БДУ. З жніўня 1950 года па верасень 1951 года працаваў кансультантам аддзела прапаганды і агітацыі ў пытаннях літаратуры ЦК КПБ[4].

З 1966 года сакратар, у 1971—1974 гадах намеснік старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў БССР.

Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1967—1976). Быў старшынёй праўлення Беларускага аддзялення таварыства «СССР — Францыя», старшынёй Беларускага камітэта абароны Міру, членам Сусветнага Савета Міру[3].

Хварэў на ныркі і сухоты[2]. Памёр 9 жніўня 1976 года ад сардэчнага прыступу[5]. Пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.

Сям’я

Быў жанаты з Лідзіяй Мележ-Пятровай, дзве дачкі — Людміла і Ларыса[6].

Творчасць

Дэбютаваў у друку вершам «Радзіме» ў газеце «Чырвоная змена» ў 1939 годзе, прозай на рускай мове — апавяданнем «Последняя операция» — у газеце «Бугурусланская правда» у 1943 годзе, прозай на беларускай мове — апавяданнем «Сустрэча ў шпіталі» — у газеце «Звязда» за 25 лістапада 1944 года. У 1941—1942 гадах Мележ вёў дзённік, запісы якога ў 1977 годзе ўвайшлі ў яго «Першую кнігу», што ўбачыла свет ужо пасля смерці пісьменніка.

У 1946 годзе выйшаў зборнік апавяданняў Мележа «У завіруху», загаловачнае апавяданне з якога высока ацаніў яшчэ Кузьма Чорны[7]. У 1948 годзе была выдадзена кніга прозы «Гарачы жнівень». Назву ёй дала аднайменная аповесць, напісаная ў 1946 годзе пасля наведвання спаленай і спустошанай падчас вайны роднай вёскі. Аўтар паэтызуе будзённую сялянскую працу, перадае душэўную прыгажосць простых вясковых людзей. Менавіта ў гэты час пісьменнік па-новаму адчуў, што значыць Палессе ў яго жыцці. Ужо ў ранніх творах Івана Мележа назіралася тэндэнцыя да аб’яднання ў цыклы («Гарачы жнівень», апавяданні «Перад навальніцай» і «Павел прыехаў»).

Паступова пашыраліся жанравыя рамкі творчасці пісьменніка. З канца 1947 года ён працуе над раманам «Мінскі напрамак» (1947—1953). Аўтар расказвае пра вызваленчую барацьбу на Беларусі летам 1944 года, пра аперацыю «Баграціён». У 1960—1970-я гады гэты твор быў перапрацаваны, стаў больш шматпланавым і маштабным па ахопе падзей, багатым на народныя характары, праз якія паказана героіка і трагедыя вайны.

Надрукаваў некалькі апавяданняў: «У гарах дажджы» (1954) і «Спатканне за горадам» (1955). Першае з іх, што дало назву аднаму са зборнікаў, напісана на матэрыяле даваеннай службы аўтара ў войску. Апавяданні і аповесці 1950-х гадоў склалі тры зборнікі прозы: «Блізкае і далёкае» (1954), «У гарах дажджы» (1957), «Што ён за чалавек» (1961). Маленькія аповесць — «Дом пад сонцам» (1954), п’есы — «Пакуль вы маладыя» (1955), «Дні нараджэння», «У новым доме» (1957).

Стварыў цыкл раманаў «Палеская хроніка»: «Людзі на балоце» (1962), «Подых навальніцы» (1966) і «Завеі, снежань» (1976). Першы з іх Іван Мележ называў «лірычным раманам», наступныя часткі трылогіі ствараў ужо як трагедыйныя раманы-даследаванні. У іх выявілася грамадзянская смеласць і ідэйна-мастацкая маштабнасць у асэнсаванні складаных абставін калектывізацыі на Усходнім Палессі, жыцця савецкай Беларусі 1920—1930-х гадоў, шчырасць аўтара ў спалучэнні з яго глыбокім і тонкім псіхалагізмам. «Палеская хроніка» — філасофска-мастацкае асэнсаванне жыцця беларускага народа на важным гістарычным этапе[8].

Напісаў п’есы «Пакуль вы маладыя» (1956, асобнае выданне ў 1958, пастаўлена ў 1957), «Дні нашага нараджэння» (апублікавана і пастаўлена ў 1958), аднаактоўку «Хто прыйшоў уночы» (1959, асобнае выданне ў 1966). Паводле раманаў «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы» Беларускім тэлебачаннем створаны ў 1966 годзе спектакль. Беларускім тэатрам імя Янкі Купалы пастаўлены ў 1966 годзе спектакль «Людзі на балоце», Гомельскім абласным тэатрам — «Подых навальніцы» (1977), у 1989 годзе — «Страсці эпохі» (паводле рамана «Завеі, снежань»).

У 1975 годзе выдаў кнігу літаратурна-крытычных артыкулаў, эсэ, інтэрв’ю і публіцыстыкі «Жыццёвыя клопаты», у 1977 выйшла «Першая кніга» (дзённікі, запісы ваенных гадоў).

Бібліяграфія

Зборнікі апавяданняў

  • «У завіруху» (1946);
  • «Гарачы жнівень» (1948);
  • «Заўсёды наперадзе» (нарыс, 1948);
  • «Блізкае і далёкае» (1954);
  • «У гарах дажджы» (1957);
  • «Што ён за чалавек» (1961);
  • «Жыццёвыя клопаты» (1975);
  • «Белыя вішні і яблыні» (1976);
  • «Першая кніга: Дзённікі, сшыткі, з запісных кніжак» (1977).

Раманы

  • «Мінскі напрамак» (1952, перапрацаванае выданне 1974);
  • «Палеская хроніка» (трылогія):
    • «Людзі на балоце» (1962);
    • «Подых навальніцы» (1966);
    • «Завеі, снежань» (1978).

П’есы

  • «Пакуль вы маладыя» (1956, асобнае выданне ў 1958, пастаноўка 1957);
  • «Дні нашага нараджэння» (апублікавана і пастаўлена ў 1958);
  • «Хто прыйшоў уночы» (1959, асобнае выданне ў 1966).

У 1969—1971 гадах выйшаў збор твораў у 6-ці, у 1979—1985 гадах — у 10 тамах.

Экранізацыя твораў

Тэлевізійныя пастаноўкі

Беларускім тэлебачаннем пастаўлены спектакль «Людзі на балоце» (1965, Дзяржаўная прэмія Беларускай ССР, 1966, рэж. Аляксандр Гутковіч), а таксама тэлевізійныя пастаноўкі «Сустрэчы і развітання» (тэлефільм «Завеі, снежань», 1979) і «Страсці эпохі» (паводле рамана «Завеі, снежань», 1989).

Беларускім тэатрам імя Янкі Купалы ў 1966 годзе пастаўлены спектакль «Людзі на балоце», Гомельскім абласным тэатрам — «Подых навальніцы» (1977), у 1989 годзе — «Страсці эпохі» (паводле рамана «Завеі, снежань»).

Фільмаграфія

Грамадзянскія погляды

У сваім артыкуле «На вышыні жыцця» (1968) адмоўна ацэньваў палітыку русіфікацыі ў БССР[9][10]:

" Мала выдаецца на роднай мове палітычнай літаратуры, яшчэ менш — медыцынскай, і ўжо зусім зачынены дзверы для беларускай мовы ў тэхнічную, эканамічную літаратуры, у навуковую, — амаль ва ўсе галіны навукі. Зусім не лічыць патрэбным выпускаць творы на беларускай мове студыя «Беларусьфільм»!

Можна прывесці яшчэ нямала фактаў, якія сведчаць пра ненармальныя адносіны да беларускай мовы ў многіх установах рэспублікі. Гэтыя факты сведчаць, што ў цэлым шэрагу ўстаноў як бы звычайным стаў зняважлівы погляд на родную мову нашага народа. Думаю, што яго можна разглядаць як выразную праяву нігілістычных адносін да нашай мовы.

"

У 1973 годзе разам з шэрагам іншых савецкіх пісьменнікаў падпісаў ліст з нападкамі на Аляксандра Салжаніцына і Андрэя Сахарава[11].

Узнагароды і прэміі

Памяць

Дом-музей І. П. Мележа ў Глінішчы.
Скульптурная кампазіцыя «Людзі на балоце» ў Хойніках.

Імем Івана Мележа названы вуліцы ў Мінску, Брэсце, Гродне, Гомелі, Шчучыне, Дзятлаве, Івацэвічах, Кобрыне, Драгічыне, Іванаве, Пінску, Століне, Нясвіжы, Лельчыцах, Глінішчы, Хойніках, Рэчыцы, Івянцы, Смалявічах, Мазыры, в. Касцюковічы, Стараселлі. Вуліца Івана Мележа была ў Львове (Украіна), у 2016 годзе далучана да вуліцы Зэмэльнай[12].

Імем Івана Мележа названы Мазырскі драматычны тэатр, цеплаход «Іван Мележ», Беларуска-славянская гімназія № 36 у Гомелі, гарадская бібліятэка № 2 у Гомелі, Глінішчанская сярэдняя школа Хойніцкага раёна.

Жыццю і творчасці пісьменніка прысвечаны дакументальны фільм «Іван Мележ» (сцэнарый Вячаслава Адамчыка, 1978).

У Мінску на доме № 7 па вуліцы Янкі Купалы, у якім жыў народны пісьменнік, усталявана мемарыяльная дошка. У Глінішчы створаны літаратурны музей і ўсталяваны бюст Івана Мележа. У 2010 годзе ў Хойніках адкрыта скульптурная кампазіцыя «Людзі на балоце».

У 1980 годзе заснавана Літаратурная прэмія Саюза пісьменнікаў Беларусі імя Івана Мележа.

У 2024 годзе Іван Мележ пасмяротна атрымаў званне ганаровага грамадзяніна Хойніцкага раёна[13].

Пра паходжанне роду Мележаў

Запіс пра шлюб Фёдара Малежыка. 11 (22). XI. 1795
Рэдкі выпадак ужывання прозвішча Мележ; рэвізія 1834 г.
Запіс пра шлюб Ігната Малежыка. 1 (13). XI. 1836
Іван Малеж з сямействам у інвентары 1845 г.
Ігнат Фёдараў Малеж; метрычны запіс 1855 г.
Андрэй і Ігнат Малежы ў інвентары 1845 г.

У метрычных кнігах 1795—1851 гадоў Алексіцкай Свята-Мікалаеўскай царквы, да прыходу якой належала вёска Глінішча, прозвішча, нібы па-вясковаму (?), запісвалася як Мале́жык[14]. Тое ж і ў рэвізіі 1811 г. Але ў рэвізіі 1834 г. упершыню сустрэтае прозвішча Ме́леж (Мѣлежъ)[15]. Згодна з інвентаром 1845 г. у маёнтку Глінішча і Азярын пана Рыгора, сына Станіслава, Аскеркі, у вёсцы Глінішча пражывалі браты 52-х гадовы Іван і 57-мі гадовы Андрэй Іванавыя Мале́жы зь сямействамі, 28-мі гадовы Ігнат Фёдараў Мале́ж з 25-цю гадовай жонкай Просяй[16]. У рэвізіі 1850 г. таксама названыя Мале́жы[17]. Гэты варыянт прозвішча ад 1855 г. (Игнатій Федоровъ Малѣжъ) і надалей у метрыках ужываўся стала[18]. У рэвізіі 1858 г. зноў — Мележ[19]. У метрыцы 1878 г. працягвалі пісацца Малежамі[20]. Недзе ад 1890 г., імаверна, з волі шматгадовага юравіцкага валаснога старшыні Фёдара Ігнатавага ўжывалася выключна форма Ме́леж[upper-alpha 1][23]. Магчыма, дзеля таго і была створана збольшага іранічная сямейная легенда[24], з якой вынікае нібыта

род пайшоў ад чэха Ігната Мелешака аднекуль з-пад Прагі. Нейкім чынам Мелешак служыў у рускім войску. Прыйшоў аднойчы з сябрам, юравіцкім хлопцам, на пабыўку ў вёску Глінішчы — на радзіму ж далёка. І закахаўся тут у мясцовую дзяўчыну-прыгажуню Кацярыну. Прайшоў тэрмін службы ў войску, маладыя пабраліся шлюбам. Было ў іх дзесяць дзяцей, сярод іх сын Фёдар. Прозвішча сваё на новай радзіме перайначыў — стаў Мележам. Марыў іншы раз: «Эх, пабываем мы, дзеткі, калі-небудзь у Залатой Празе…»

Легенда пераказана са слоў роднай сястры І. П. Мележа Тамары Аляхновіч. На самай жа справе маецца звестка пра тое, як 1 (13) лістапада 1836 г. 19-ці гадовы глінішчанец Ігнат Фёдараў Малежык ажаніўся з 16-ці гадовай вадовіцкай дзяўчынай Еўфрасінняй (не Кацярынай), дачкой Міхайла Сцяпанавага Борыса[25]. 25 чэрвеня (7 ліпеня) 1838 г. у іх нарадзіўся сын Мікіта[26]. Далей — болей. На 1858 г. у сужэнцаў было ўжо чатыры сыны і дзве дачкі[27]. У войску Ігнат ніколі не служыў. У метрыцы 1795 г. сустракаецца датаваны 11-м лістапада запіс пра шлюб 17-ці гадовага будучага бацькі Ігната Фёдара Гаўрылавага Малежыка з Матрунай, дачкой Міхала Вінніка; сведкамі тады выступілі Іван Малежык і Павел Швец[28]. У метрыках 1801 і 1802 галоў маюцца запісы пра смерць і пахаванне 49-ці гадовага Гаўрылы Малежыка і 56-ці гадовага Піліпа Іванавага Малежыка[upper-alpha 2][30]. Напэўна, людзі з прозвішчам Малеж або Малежык жылі ў Глінішчы яшчэ за часоў Рэчы Паспалітай, г. зн. задоўга да таго, як магла з’явіцца павіннасць служыць у расійскім войску. Усё паказвае на тое, што з Чэхіі на Беларусь першы з Малежыкаў наўрад ці прыходзіў. Прынамсі, то не мог быць Ігнат, прадзед пісьменьніка.

Што да рэдкасці прозвішча Мележ, маўляў, сустракаецца адно ў Глінішчах. Падобна, гэткі свой выгляд яно набыло, ці не дзеля большай мілагучнасці (?), намаганнямі бацькі Ігната і сына Фёдара — юравіцкіх валасных старшыняў, асобаў публічных...

Заўвагі

  1. У кнізе М. В. Бірылы прыведзены абодва прозвішчы з націскам адпаведна на другім і першым складах[21]. А яшчэ ў попісе войска ВКЛ 1567 г. згаданы ваяр з сугучным прозвішчам – Іван Мелеш з Лемяшэвічаў Пінскага павету[22]. Тут, аднак, не выключана апіска, бо лагічна было б чакаць прозвішча Лемеш.
  2. У рэвізіі 1811 г. запісана, што на 1795 г. Піліпу Іванаваму Малежыку († 1803 г.) было 60 г, а ягонаму братанічу (пляменніку, сыну старэйшага брата) Гаўрыле († 1805 г.) — 50 г.[29]. Але ў метрыках за 1803 і 1805 гады памерлых-пахаваных з такімі імёнамі няма.

Зноскі

  1. Мележ Иван Павлович // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 27 верасня 2015.
  2. 1 2 СВИРКО, Ирина. Дачка Івана Мележа: Пры любой нагодзе ён імкнуўся на сваё Палессе. www.sb.by (5 лютага 2016). Праверана 7 лістапада 2023.
  3. 1 2 3 Беларускія пісьменнікі 1994, с. 281.
  4. 1 2 3 4 5 Беларускія пісьменнікі 1994, с. 282.
  5. 60-гадовая «Волга» Івана Мележа выстаўленая на аўкцыён (бел. (тар.)). Радыё Свабода (10 чэрвеня 2019). Праверана 7 лістапада 2023.
  6. Любіў спяваць і вельмі спяшаўся жыць. Дачка Івана Мележа раскрыла сакрэты свайго бацькі (недаступная спасылка). minsknews.by (8 лютага 2021). Архівавана з першакрыніцы 7 сакавіка 2021. Праверана 7 лістапада 2023.
  7. БелЭн 2000, с. 271.
  8. БелЭн 2000, с. 272.
  9. Іван Мележ. На вышыні жыцця . knihi.com. Праверана 8 лістапада 2023.
  10. Эм, Васіль Дэ. 20 нечаканых фактаў пра Івана Мележа . Радыё Свабода (8 лютага 2019). Праверана 8 лістапада 2023.
  11. Советские писатели против Сахарова и Солженицына – документ (руск.). diletant.media. Праверана 5 лютага 2024.
  12. Мележа Івана | Проект 'Вулиці Львова'. streets.lvivcenter.org. Праверана 7 лістапада 2023.
  13. Знакамітаму беларускаму пісьменніку Івану Мележу прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін Хойніцкага раёна» пасмяротна (руск.) (1 лютага 2024). Праверана 5 лютага 2024.
  14. Напрыклад: НГАБ у Мінску. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 492а. А. 360. Спр. 538, 36. Воп. 14. Спр. 427. А. 65адв. Спр. 433. А. 234адв. (1851 г. Игнатій Феодоровъ Малежикъ)
  15. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 338. А. 683адв.
  16. НГАБ. Ф. 142. Воп. 1. Спр. 1400. А 4адв., 5адв.
  17. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 706. А. 42адв., 44адв.
  18. НГАБ. Ф. 136. Воп. 14. Спр. 435. А. 53адв. (1855 г.) Спр. 450. А. 77адв., 84адв., 87адв., 102адв. (1864 г.)
  19. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 1149. А. 36адв.
  20. НГАБ. Ф. 136. Воп. 14. Спр. 452. А. 103адв.
  21. Бірыла М. В. Беларуская антрапанімія. 2. Прозвішчы, утвораныя ад апелятыўнай лексікі. – Мінск: Навука і тэхніка, 1969. С. 270, 283
  22. Русская историческая библиотека. — Т. XXXIII: Литовская метрика. Отд. 1. Ч. 3: Книги публичных дел. Переписи войска Литовского. — Петроград, 1915. Стб. 1212; Бірыла М. В. Беларуская антрапанімія. 1. Уласныя імёны, імёны-мянушкі, імёны па бацьку, прозвішчы. – Мінск: Навука і тэхніка, 1966. С. 234
  23. Памятная книжка Минской губернии на 1890 год. — Минск, 1889. С. 99; 1897. С 106; НГАБ. Ф. 136. Воп. 33. Спр. 67. А. 25адв., 28адв., 33адв. (1910 г.)
  24. Памяць. Калінкавіцкі раён. — Мінск: Ураджай, 1999. С. 175—176
  25. НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 538. А. 36
  26. НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 540. А. 35адв.
  27. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 1149. А. 36адв.-37
  28. НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 492а. А. 360
  29. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 261. А. 689адв.
  30. НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 499. А. 304адв. Спр. 500. А. 376адв.

Літаратура

  • Адамовіч А. Здалёк і зблізку. Мн., 1976
  • Адамовіч А. Літаратура, мы і час. Мн., 1979
  • Андраюк С. Іван Мележ // Сгаль пісьменніка. Мн., 1974
  • Бугаёў Дз. Вернасць прызванню. Мн., 1977
  • Гніламёдаў У. Іван Мележ. Мн., 1984
  • Драздова З. У. Майстэрства слова. Мн., 1993
  • Ляшук В. Іван Мележ у школе. Мн., 1981
  • Мележ Іван // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. Мн.: Мастацкая літаратура, 1994.  653 с.: іл. 22 000 экз. — ISBN 5-340-00709-X.
  • Мележ Іван // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1994. — Т. 4. Лазарук — Перкін. — С. 281—293.  524 с.; іл.. — ISBN 5-85700-153-6.
  • Сказ пра Івана Мележа. Мн., 1984
  • Смыкава I. Іван Мележ // Смыкава I. Беларускія пісьменнікі-лаўрэаты. Мн., 1973
  • Смыкоўская В. Творчая канцэпцыя пісьменніка. Мн., 1976
  • Успаміны пра Івана Мележа. Мн., 1982
  • Шупенька Г. Мележ Іван Паўлавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 10. — С. 271—272. 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0169-9 (т. 10).
  • Шупенька Г. Прага мастацкасці. Мн., 1996. С. 12-81
  • Іван Мележ: кароткі бібліяграфічны даведнік / Дзяржаўная бібліятэка імя У. І. Леніна; [складальнік І. У. Смыкава; рэдактар Н. Б. Ватацы]. — Мінск, 1963. — 28 с.

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.