Ісідор Севільскі | |
---|---|
Isidorus Hispalensis | |
| |
Дата нараджэння | каля 560[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 4 красавіка 636 ці 636[2] |
Месца смерці | |
Шануецца | у Каталіцкай царкве |
Кананізаваны | 1598 |
У ліку | святы і каталіцкі святы |
Галоўная святыня | Базіліка Ісідора ў Леоне |
Дзень памяці | 4 красавіка |
Заступнік | Інтэрнэт і web-старонкі |
Працы |
Etymologiae, De origine Gothorum et regno Sueborum et Vandalorum |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Ісідор Севільскі (лац.: Isidorus Hispalensis, ісп.: San Isidoro de Sevilla; каля. 560, Новы Карфаген, Візантыйская Іспанія — 4 красавіка 636, Севілья, Каралеўства вестготаў) — архібіскуп Севільі ў вестготскай Іспаніі, апошні лацінскі бацька Царквы і заснавальнік сярэднявечнага энцыклапедызма. Кампілятар масарабскага богаслужбовага абраду. У 1598 годзе быў кананізаваны Рымскай каталіцкай царквой. Ісідор Севільскі шматлікімі каталікамі лічыцца заступнікам Інтэрнэту. У той жа час афіцыйны Ватыкан не лічыць каго-небудзь з святых заступнікам Інтэрнэту.
Біяграфія
Ісідор Севільскі нарадзіўся каля 560 года ў Новым Карфагене (цяпер іспанскім горадзе Картахена) у знатнай набожнай сям’і хрысціян Северыяна і Тэадоры. Яго бацька — Северыян — знаходзіўся на дзяржаўнай службе, а ў пазнейшых творах Ісідора называўся прэфектам Карфагенскай правінцыі. Маці называлася Тэадорай (або Туртурай), па некаторых звестках, яна была дачкой гоцкага караля, але магчыма, таксама была з іспана-рымлян; зрэшты, ніякай пэўнасці — уключаючы правільнае імя — у гэтым пытанні няма. Аб рэлігійнай прыналежнасці бацькоў Ісідара звестак таксама не існуе, хутчэй за ўсё, яны вызнавалі артадоксію, хоць ёсць здагадка, што маці магла быць прыхільніцай арыянства.
У яго было два браты, Леандр і Фульгенцый, і сястра Фларэнціна. Усе яны пазней былі прылічаны да святых. Рана пазбавіўся бацькоў, бацькоўскія функцыі выконваў яго старэйшы брат Леандр (біскуп), услед за старэйшым братам стаў духоўнікам вестгоцкага караля Рэкарэда і атрымаў поспех у звароце яго з арыянскай ерасі. Старшынстваваў на чацвёртым Таледскім саборы, які зацвердзіў адзінства дзяржавы і царквы, а таксама санкцыянаваў палітыку верацерпнасці да яўрэяў.
Памяць
Фармальная кананізацыя Св. Ісідора адбылася ў 1598 годзе, кананізаваў яго папа Клімент VIII. У 1722 годзе папа Інакенцій XIII абвясціў Св. Ісідора доктарам Касцёла.
У каталіцкім Касцёле яго літургічна ўзгадваюць 4 красавіка, але ўрачыстасці ў Гішапніі адбываюцца 26 красавіка. У іканаграфіі Св. Ісідор прадстаўляецца як стары біскуп, ля ног якога знаходзіцца кніга. У іканаграфіі яго таксама можна ўбачыць з пяром у руцэ і таксама з кнігай Codex etimologiarum, з вулеем ці пчоламі (што сімвалізуе яго мудрасць), з біскупскім посахам, німбам вакол галавы, крыжам і едучым на кані.
Заступнік Інтэрнэту
Яго лічаць першым энцыклапедыстам, які аказаў значны ўплыў на гісторыю Сярэднявечча. Таму ў шматлікіх краінах свету свята Сеткі адзначаецца 4 красавіка — у дзень смерці Святога Ісідора Севільскага. У 1998 годзе Дзень Інтэрнэту быў санкцыянаваны Папам Янам Паўлам II. Аднак святы заступнік Інтэрнэту яшчэ не зацверджаны афіцыйна.
Творы
Найвялікшая праца Ісідора «Этымалогія» з’яўляецца энцыклапедыяй тагачасных ведаў, узятых пераважна з антычнасці. У 20 раздзелах сваёй кнігі Ісідор выклаў звесткі па граматыцы, рыторыцы, матэматыцы, медыцыне, гісторыі, праве, касмалогіі, тэалогіі, аграноміі, заалогіі і іншых абласцей ведаў. Кніга карысталася незвычайнай папулярнасцю ў сярэднія вякі: да нашага часу захаваліся больш за тысячу яе рукапісных асобнікаў. Акрамя таго, Ісідор Севільскі з’яўляецца аўтарам шматлікіх прац па прыродазнаўстве, граматыцы, тэалогіі, гісторыі. Для гісторыі царквы надзвычай важная яго «кніга канонаў», у якой сабраны пастановы сабораў, якія праходзілі ва ўсім хрысціянскім свеце ў антычнасці і з пачаткам Сярэднявечча. Ён напісаў дзве хронікі, у якіх коратка выклаў гісторыю ад стварэння свету. Самымі каштоўнымі з яго гістарычных твораў з’яўляюцца «Гісторыя готаў, вандалаў, і свеваў».
Этымалогія
Этымалогія (лац.: Etymologiarum) або Пачаткі (лац.: Origines) — галоўная энцыклапедычная праца Ісідора. Складаецца з 20 тамоў.
- Першыя тры тамы прысвечаны сямі вольным мастацтвам, так званаму саюзу Трывіума — граматыцы (першы тым), рыторыцы і дыялектыцы (другі тым) — і квадрывіума — арыфметыцы, геаметрыі, астраноміі і музыцы (трэці тым)
- Чацвёрты том — медыцыне і бібліятэкам
- Пяты тым -законам і храналогіі
- Шосты тым — царкоўным тэкстам і абрадам
- Сёмы тым — Богу, анёлам і святым, а таксама зямным і нябесным іерархіям
- Восьмы тым — царкве і ерасямі (Ісідор апісвае 68 з іх)
- Дзевяты тым — мовам, народам, царствам, гарадам і тытулам
- Дзесяты тым — этымалогіі
- Адзінаццаты тым — чалавеку, цудам і знакам
- Дванаццаты тым — звярам і птушкам
- Трынаццаты тым — частках свету
- Чатырнаццаты тым — геаграфіі
- Пятнаццаты тым — архітэктуры і будаўніцтву дарог
- Шаснаццаты тым — камяням і металям
- Сямнаццаты тым — земляробству
- Васямнаццаты тым — тэрмінам вайны, праву і публічным гульням
- Дзевятнаццаты тым — караблям, будынкам і вопратцы
- Дваццаты тым — ежы, інструментам і мэблі
Іншыя працы
- Рознасці (Дыферэнцыі) (лац.: Differentiarum)
- Пра вядомых мужоў (лац.: De viris illustribus)
- Пра прыроду рэчаў (лац.: De natura rerum)
- Пра парадак стварэння (лац.: De ordine creaturarum)
- Уступы да кніг Старога і Новага Запаветаў (лац.: Proœmia in libros Veteris ac Novi Testamenti)
- Пра жыццё і смерць Айцоў (лац.: De ortu et obitu Patrum)
- Алегорыі Свяшчэннага Пісання (лац.: Allegoriae quaedam S. Scripturae
- Кніга пра лічбы ў Свяшчэнным Пісанні (лац.: Liber numenorum qui in sanctis scripturis occurunt)
- Пытанні па Старым Запавеце (лац.: De Veteri et Novo Testamento quastiones)
- Пра каталіцкую веру супраць яўрэяў (лац.: De fide catholica contra Iudaeos)
- Сентэнцыі (лац.: Sententiarum libri tres)
- Пра ерасі (лац.: De haeresibus)
- Пра царкоўныя абавязкі (лац.: De ecclesiasticis officiis)
- Гісторыя готаў, вандалаў і свеваў (лац.: De origine Gothorum et regno Sueborum et Vandalorum)
- Хроніка (лац.: Chronicon)
- Сінонімы (лац.: Synonyma)
- Правілы манахаў (лац.: Regula monachorum)
Зноскі
- ↑ Deutsche Nationalbibliothek Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 16 кастрычніка 2015.
- ↑ Bréhier É. Histoire de la philosophie — Éditions F. Alcan, 1926. — P. 474.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Ісідор Севільскі