Іслач | |
---|---|
| |
Характарыстыка | |
Даўжыня | 102 км |
Басейн | 1 330 км² |
Расход вады | 10 м³/с (за 88 км ад вусця) |
Вадацёк | |
Выток | |
• Месцазнаходжанне | каля в. Глушынцы |
• Каардынаты | 53°51′19″ пн. ш. 27°04′41″ у. д. |
Вусце | Заходняя Бярэзіна |
• Месцазнаходжанне | в. Бакшты |
• Каардынаты | 53°54′48″ пн. ш. 26°12′57″ у. д. |
Ухіл ракі | 1,9 м/км |
Размяшчэнне | |
Водная сістэма | Заходняя Бярэзіна → Нёман → Балтыйскае мора |
|
|
Краіна | |
Рэгіёны | Мінская вобласць, Гродзенская вобласць |
Раёны | Дзяржынскі раён, Мінскі раён, Валожынскі раён, Іўеўскі раён |
|
|
— выток, — вусце | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
І́слач — рака ў Мінскай і Гродзенскай абласцях Беларусі, левы прыток Заходняй Бярэзіны (басейн Нёмана).
Даўжыня 102 км. Плошча вадазбору 1330 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці каля 10 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 1,9 ‰.
Назва
Назва Іслач балцкага паходжання, складаецца з дзвюх асноў Isl- i Ak-.
Найбліжэйшыя гідранімічныя адпаведнікі — латышская рачная назва Isliņa (памяншальнае ад *Isla), літоўскія Islikis, Iesla[1].
Аснова Is-l- ад кораня *eis- / *is- «імкліва рухацца»[2][3], далей мяркуецца да карацейшага *ei- / *i- «ісці»[4].
Асобна гэты корань у назве нёманскай ракі Іса. З пашыральнікам -(e)r- у балцкай адпачатнай рачной назве *Isra, ад якой латышская Istra, літоўская Įstras (< Instras)[5], пруская *Instra (> Instrut[6]), гідронім Істра на Павоччы.
Пашыральнік -l- таксама ў назве ракі Несла (двойчы на левабярэжжы прыпяцкай Пцічы), корань якой Nes- таксама ў гідроніме Нес(с)а (прыток дзесенскай ракі Нярус(с)а). У паўнейшым выглядзе пашыральнік -el- у назвах Зецела, *Скідзела, Ясельда, Дрысела (на Павоччы каля Разані).
Другая аснова Ak- у назве Іслач звязаная з лат. aka «калодзеж», літ. aka(s) «палонка ў лёдзе», лат. akata «вір у рацэ; вочка ў балоце; палонка ў лёдзе»[7]. Такая семантыка развілася са значэння «вока» (індаеўрапейскае *okṷ(e)s-[8]): вока > палонка, калодзеж, бачажына > вада, рака.
Асобна «рачны» корань Ak- у назве ракі Ака, а так жа сама на другой пазіцыі — у назвах тыпу Нарач, Сэрвач.
Назву Іслачы можна перадаць як «Імклівая рака».
«Яцвяжскі» аналаг гідроніма Іслач — назва Ясельда. Другі элемент «рака» перадаецца ў першым выпадку праз ak-, у другім — праз -da. У першым выпадку корань *ei-s- / *i-s-, у другім — яго фанетычны варыянт *i̯ā-s-[9].
Назва ракі Віслы, нягледзячы на фанетычнае падабенства, іншага паходжання (ад кораня *ṷeis- / ṷis- «цячы», ад якога і назвы Вісяты, Віхра, Віхолка).
Назва Свіслачы, наадварот, найверагодней так ці інакш роднасная назве Іслач, у ёй і тая ж «рачная» аснова ak- і элемент is-l-[10].
Адзначаецца прымеркаванасць імаверна роднасных рачных назваў Іслач, Ясельда, Свіслач да дняпроўска-нёманскага водападзелу: у цэнтры цяперашняй Беларусі абапал водападзелу Іслач і бярэзінская Свіслач, на захадзе краіны — Ясельда і нёманская Свіслач.
Гідраграфія
Пачынаецца каля вёскі Глушынцы Дзяржынскага раёна, на адлегласці 1,4 км на паўночны ўсход ад гары Дзяржынскай. У вярхоўі цячэ ў межах Мінскага ўзвышша, у ніжнім цячэнні — праз Налібоцкія лясы.
Даліна ў вярхоўі трапецападобная, глыбока ўрэзаная; у сярэднім цячэнні скрынкападобная, шырынёй 300—500 м. Абалона ў вярхоўі роўная, шырыня яе складае 30—50 м, у нізоўі паступова расшыраецца да 2 км, месцамі забалочаная. Рэчышча звілістае, зарэгулявана трыма плацінамі; яго шырыня вагаецца ў межах 10—40 м. На ўсім працягу трапляюцца невялікія астравы. Берагі стромкія, абрывістыя.
Упадае ў Заходнюю Бярэзіну на паўднёвы ўсход ад вёскі Бакшты Іўеўскага раёна, на поўдзень ад вёскі Ягадзень.
Замярзае ў пачатку снежня, крыгалом адбываецца ў пачатку сакавіка. Адна з нямногіх рэк Беларусі, у якой водзіцца стронга ручаёвая.
Асноўныя прытокі
Справа: Чарнаруч, Яршоўка, Кіявец, Вялік, Люцінка, Пяршайка, Носаўка, Валожынка.
Злева: Выганічанка, Ратынца, Цяце́раўка[11], Волма, Івенчык.
Турызм
Лясныя масівы абапал ракі, маляўнічасць і хуткае цячэнне вабяць турыстаў, у т. л. воднікаў. У верхнім цячэнні ля ракі створана зона адпачынку Аксакаўшчына. Тут пабудавана Рэспубліканская клінічная бальніца медыцынскай рэабілітацыі Архівавана 14 мая 2012.. На ўсход ад зоны адпачынку знаходзіцца біялагічны заказнік Падсады.
Галерэя
Заўвагі
- ↑ K. Būga. Rinktiniai raštai. T. 3. Vilnius, 1961. С. 525.
- ↑ J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 299—300.
- ↑ H. Krahe. Unsere ältesten Flussnamen. Wiesbaden, 1964. C. 55—57, 71.
- ↑ V. Mažiulis. Prūsų kalbos etimologijos žodynas. Vilnius, 2013. C. 300—301.
- ↑ A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 131—132.
- ↑ M. Biolok. Zuflüsse zur Ostsee zwischen unterer Weichsel und Pregel. Stuttgart, 1989.
- ↑ В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 176.
- ↑ J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 775—777.
- ↑ J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 296.
- ↑ В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 207.
- ↑ Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 5. Стаўраструм — Яшчур / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1986. — 583 с., іл. — 10 000 экз. — С. 305.
Літаратура
- Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1–2. – Л., 1971.
- Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил. (руск.)
- Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.