Іпуць | |
---|---|
| |
Характарыстыка | |
Даўжыня | 437 км |
Басейн | 10 900 км² |
Расход вады | 55,6 м³/с (у вусці) |
Вадацёк | |
Выток | |
• Каардынаты | 53°36′14,40″ пн. ш. 32°12′17,90″ у. д. |
Вусце | Сож |
• Каардынаты | 52°25′44,20″ пн. ш. 31°03′03,30″ у. д. |
Ухіл ракі | 0,2 м/км |
Размяшчэнне | |
Водная сістэма | Сож → Дняпро → Чорнае мора |
|
|
Краіны | |
Рэгіёны | Магілёўская вобласць, Гомельская вобласць, Смаленская вобласць, Бранская вобласць |
Раёны | Клімавіцкі раён, Добрушскі раён, Гомельскі раён |
Код у ДВР | 04010000712105000014060 |
Басейн Іпуці | |
выток вусце |
|
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
І́пуць — рака ў Клімавіцкім раёне Магілёўскай вобласці, Добрушскім, Гомельскім раёнах Гомельскай вобласці Беларусі, Смаленскай і Бранскай абласцях Расіі, левы прыток ракі Сож (басейн Дняпра).
Назва
Назву Іпуць ставяць у адзін шэраг з рачнымі назвамі Іпа (прыток Прыпяці), Іпта (прыток Друці)[1][2]. Назва Іпта выводзіцца ад *Iputa (з балцкім пашыральнікам -ut-)[3].
Пашыральнік -ut- вядомы ў балцкім (літоўскім) слова- і назваўтварэнні. З ім утвораныя літоўскія рачныя назвы тыпу Noruta, Vilnutis, Beržutė. У цяперашнім літоўскім словаўтварэнні пашыральнік -ut- дастаткова прадуктыўны[4].
Далей на ўсходзе ад Іпуці тапонім Іпаць (руск.: Ипоть) у вярхах дзесенскай ракі Болвы. Магчыма, такую назву мела не засведчаная на сёння рэчка.
У неакадэмічных інтэрнэт-публікацыях нярэдка сцвярджаецца сувязь назвы Іпуць з літоўскім upė «рака»[5][6][7].
У балцкай гідраніміі — досыць шырокае фанетычнае вар’іраванне індаеўрапейскага *ab- са значэннем «цякучая вада, рака»[8] — ab- (ap-) : ub- (up-). Ад іх гідронімы тыпу Обаль, Вопь, Убарць, Упа, якія ўсе значаць «рака».
Магчыма, *ip- выкарыстоўвалася для называння «ракі» ў гаворцы падняпроўскіх балтаў, што да нас не дайшла, апроч як у выглядзе паасобных гідронімаў.
Верагодны фанетычны варыянт гэтага кораня Ib- у гідронімах Ібра (прыток дняпроўскай ракі Цецераў), Ібуж (возера перад сутокамі Дняпра і Дзясны, рака ў басейне дзесенскага прытоку ракі Наўля)[9], Ібердзь (рака на правабярэжным Павоччы)[10], у якіх пашыральнікі -r-, -ž-, -rd-, як у літоўскіх гідронімах тыпу Vint-ur-a, Gab-iž-is, Dag-urd-a.
Гідраграфія
Даўжыня ракі 437 км, у межах Беларусі 64 км. Плошча вадазбору 10 900 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 55,6 м³/с. Агульнае падзенне ракі 84,9 м. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,2 м/км.
Пачынаецца за 0,8 км на захад ад вёскі Недзведзь Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці, цячэ па Смаленскай, Бранскай і Гомельскай абласцях, упадае ў Сож на паўночна-ўсходняй ускраіне горада Гомель. Асноўныя прытокі на Беларусі: Няцёша, Хорапуць (злева), Струг, Ачоса (справа).
Вярхоўе ракі на Аршанска-Магілёўскай раўніне, прывусцявы ўчастак у Гомельскім Палессі. Даліна трапецападобная, шырыня яе ў вярхоўі 1—1,5 км, ніжэй 2,5—3,5 км, на ўчастку ад горада Сураж да вусця 4—8 км. Пойма пераважна двухбаковая, у нізоўі перасечаная старыцамі з азёрамі старычнага тыпу. Шырыня яе да вусця ракі Надва 0,2—0,8 км, ніжэй 2,5—3,5 км.
Рэчышча каналізаванае на працягу 24,3 км (ад вытоку да мяжы з Расіяй), ніжэй звілістае; шырыня яго ў вярхоўі 1,5—12 м, на астатнім працягу 20—50 м. Берагі стромкія і абрывістыя, вышынёй 0,5—2 м. Найбольшы ўзровень разводдзя ў красавіку, сярэдняя вышыня над межанным узроўнем 3—4 м. Замярзае ў 1-й палове снежня, крыгалом у канцы сакавіка — пачатку красавіка. На рацэ каля вёскі Цімошкі Клімавіцкага раёна плаціна і сажалка, плаціна ў горадзе Добруш.
Заўвагі
- ↑ В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 189.
- ↑ В. Жучкевич. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Минск, 1974. С. 147.
- ↑ K. Būga. Rinktiniai raštai. Vilnius, 1961. C. 623.
- ↑ P. Skardžius. Rinktiniai raštai. T. 1. Vilnius, 1996. C. 361—364.
- ↑
- ↑
- ↑
- ↑ J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 1.
- ↑ П. Л. Маштаков. Список рек днепровского бассейна. С.-Петербург, 1913. С. 42, 196.
- ↑ Г. П. Смолицкая. Гидронимия бассейна Оки. Москва, 1976. С. 183.
Літаратура
- Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1–2. – Л., 1971.
- Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил. (руск.)
- Іпуць // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 342. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.
- Ипуть // Вялікая савецкая энцыклапедыя (руск.)