Іосіф Трызна | |
---|---|
![]() Іосіф Трызна | |
![]() Герб «Газдава» | |
Смерць | 1655 |
Род | Трызны |
Веравызнанне | праваслаўе |
Адукацыя |
Іосіф Трызна (? — 1655) — рэлігійны дзеяч Рэчы Паспалітай. Архімандрыт Віленскага Святадухаўскага манастыра (1640—1647), Кіева-Пячэрскай лаўры (з 1647).
Біяграфія
Прадстаўнік шляхецкага роду Трызнаў герба «Газдава». Атрымаў адукацыю ў Кіева-Пячэрскай лаўры і Кіеўскай брацкай школе, выхаванец і паслядоўнік Пятра Магілы. Прыняў манаства.
Падтрымаў паўстанне Багдана Хмяльніцкага. Прысутнічаў на сойме 1649—1650, які ратыфікаваў Збораўскі дагавор з казакамі.
Выступаў супраць палітычнай і царкоўнай залежнасці Украіны ад Масквы. Разам з мітрапалітам Сільвестрам Косавым адмаўляўся прымушаць кіянаў і манахаў Кіева-Пячэрскай лаўры прысягаць на вернасць Пераяслаўскай радзе, якая дэкларавала залежнасць ад Масквы. Аднак пазней пайшоў на гэта ў 1654 пад ціскам Хмяльніцкага і казакоў.
Аўтар прадмовы да «Служэбніка» (Кіеў, 1653), дзе адзначыў важнасць гэтай кнігі. Склаў асобую рэдакцыю «Кіева-Пячэрскага пацерыка», куды ўключыў рэдкія гістарычныя матэрыялы, невядомыя з іншых спісаў (устаўная грамата Тураўскай епархіі 1005, Тураўскі ўстаўны запіс пра дзесяціну), летапісныя звесткі, памінальнік рускіх князёў X—XII стст.[1]
Зноскі
Літаратура
- Іосіф Трызна // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2010. — Т. 3: Дадатак. А — Я. — С. 249. — 696 с. — ISBN 978-985-11-0487-7 (т. 3), ISBN 985-11-0315-2.