Іосіф Антонавіч Гашкевіч
Дата нараджэння 4 (16) красавіка 1814
Месца нараджэння
Дата смерці 3 (15) мая 1875 (61 год)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Бацька Антоній Гашкевіч
Маці Глікерыя Гашкевіч
Род дзейнасці дыпламат, мовазнавец, натураліст, усходазнавец
Альма-матар
Узнагароды
ордэн Святой Ганны 2 ступені ордэн Святога Станіслава 3 ступені
Дзямідаўская прэмія
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Іосіф Гашкевіч (4 ст. ст. красавіка 1814 — 3 мая 1875) — расійскі дыпламат, вучоны-мовазнавец, даследчык Японіі і Кітая, натураліст, арыенталіст.

Біяграфія

Метрычны запіс аб нараджэнні-хросце Іосіфа Гашкевіча ў сяле Стралічаў на Хойнікшчыне.
Запіс аб смерці Іосіфа Гашкевіча ў маёнтку Малі, што на Астравеччыне.

Іосіф Гашкевіч — сын праваслаўнага святара Антонія Гашкевіча, які служыў у Свята-Міхайлаўскай царкве сяла Стралічаў Рэчыцкага павета Мінскай губерні, што ў сучасным Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Ва ўзросце 12 гадоў Іосіф паступіў у Мінскую духоўную семінарыю. Затым па рэкамендацыі І. Грыгаровіча працягваў вучобу ў Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі. Пасля заканчэння акадэміі (1839) меў званне магістра багаслоўя, але не прыняў святарскага сану.

У 1839-49 гадах у складзе Рускай духоўнай місіі ў Пекіне. Даследаваў культуру Кітая, вывучаў кітайскую, карэйскую і японскую мовы. Адначасова займаўся пытаннямі астраноміі і метэаралогіі, сабраў калекцыю насякомых. У якасці драгамана (перакладчыка) суправаджаў на фрэгаце «Палада» дыпламатычную місію Я. В. Пуцяціна ў Японію (1852-55). 3 яго ўдзелам заключаны руска-японскі дагавор 1855. Па дарозе з Японіі захоплены ў палон англічанамі (з прычыны Крымскай вайны 1853-56), знаходзіўся ў Ганконгу, потым у Англіі. На працягу дзевяці месяцаў у палоне Іосіф Гашкевіч сумесна з японскім ​манахам Тацібана Каосай склаў 450 старонак першага японска-рускага ​слоўніка. У 1856 годзе вярнуўся ў Расію.

У 1858—1865 гадах першы расійскі консул у Японіі (на Хакадатэ), адначасова выкладаў у Хакадацкай рускамоўнай школе. Адзін з першых іншаземцаў, якому дазволілі наведаць унутраную Японію, у т.л. двор сёгуна (правіцеля Японіі) у Эда (цяпер Токіа). У 1865 годзе з сям’ёй вярнуўся на радзіму. У 1867 годзе выйшаў у адстаўку і жыў у маёнтку Малі (цяпер Астравецкі раён), дзе працягваў займацца ўсходняй філалогіяй.

Шматлікія калекцыі флоры і фаўны Паўднёвай Афрыкі і Паўднёва-Усходняй Азіі, сабраныя ў час падарожжаў, Іосіф Гашкевіч перадаў Заалагічнаму музею АН у Пецярбургу. Выдадзены ім першы ў Расіі «Японска-рускі слоўнік» (1857, разам з Тацібана Каосай) адзначаны медалём Пецярбургскай АН і Дзямідаўскай прэміяй. Яго імем названы апісаныя ім невядомыя раней віды насякомых, заліў у Паўночнай Карэі (па-карэйску Чосанман).

Аўтар працы «Карані японскай мовы» (Вільня, 1899).

Паводле метрычнага запісу ў кнігах Астравецкай царквы, спачыў 3 (15) мая 1875 года[1]. Пахаваны на праваслаўных могілках у Астраўцы (сёння не існуюць; раней жа месціліся ля касцёла, а на той час царквы, святых Казьмы і Даміяна).

Памяць

  • У г. Хакадатэ на в. Хакайда Іосіфу Гашкевічу пастаўлены помнік.
  • У 1994 годзе помнік Гашкевічу адкрыты ў Астраўцы (скульптар Ф. Янушкевіч).
  • Яго імем названы заліў у Карэі і некаторыя адкрытыя ім віды рэдкіх насякомых.
  • У Мінску імем Гашкевіча названы вуліца і сад.

Зноскі

  1. Валянцін Грыцкевіч. Жыццё і дзейнасць Іосіфа Гашкевіча. // Беларусіка=Albaruthenica 8. Беларусь – Расія – Японія..: Матэрыялы Першых Астравецкіх чытанняў, прысвечаных памяці Іосіфа Гашкевіча / Рэд. Г. Брэгер і інш. – Мінск, 1997. С. 14, 15

Літаратура

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 5. — 576 с. 10 000 экз. — ISBN 985-11-0090-0.
  • Беларусь — Расія — Японія: Матэрыялы Першых Астравецкіх краязнаўчых чытанняў, прысвеч. памяці Іосіфа Гашкевіча / Астравец. райвыканкам, Гродзен. аддз-не Бел. т-ва аховы помнікаў гісторыі і культуры, Міжнар. асац. беларусістаў, Міжнар. фонд імя Іосіфа Гашкевіча і інш.; Рэдкал.: А.Мальдзіс (гал. рэд.) і інш. — Мінск: Нац. навук.-асвет. цэнтр імя Ф.Скарыны, 1997. — 127 с.
  • Беларусь-Японія = Беларусь-Япония = Belarus-Japan: Матэрыялы Другіх міжнар. чытанняў, прысвечаных памяці Іосіфа Гашкевіча, Мінск-Астравец, 9-10 кастрычніка 2002 г. / Астрав. райвыканкам, Бел. т-ва дружбы і культур. сувязі з замеж. краінамі, Міжнар. асац. беларусістаў, Нац. навук.-асвет. цэнтр імя Ф.Скарыны пры М-ве адукацыі Рэсп. Беларусь; Рэдкал.: А.Мальдзіс (гал. рэд.) і інш. — Мінск: «Беларускі кнігазбор», 2002. — 245 с.

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.