Інтэрнацыянальная готыка — стылістычны варыянт апошніх этапаў готыкі, які развіўся ў Бургундыі, Багеміі і Паўночнай Італіі прыкладна з 1380 па 1430 гады.
Стыль
Адметныя рысы жывапісу інтэрнацыянальнай готыкі: маляўнічасць, вытанчанасць і дэкаратыўнасць, экзальтаванасць. Як завяршаючы, фінальны этап развіцця стылю, ён адрозніваецца некаторым маньерызмам: экспрэсіўнасцю формаў, вастрынёй, графічнасцю і гратэскам. У архітэктуры гэтаму стылю жывапісу будзе адпавядаць г. з. «палымнеючая готыка», таксама незвычайна вычварная.
Частыя залатыя фоны, грэбаванне прасторавай глыбінёй, пляскатасць, адсутнасць света-паветранага асяроддзя і іншыя рысы сярэднявечнага мастацтва спалучаюцца пры гэтым з высокімі рамеснымі маляўнічымі навыкамі, дбайнасцю ў распрацоўцы дэталяў касцюма і інтэр'еру, прапрацаванасцю драпіровак, твараў, а таксама раслін.
Распаўсюджанасць
Гэты куртуазны стыль культываваўся пры двары практычна ўсіх еўрапейскіх манархаў у эпоху «восені сярэднявечча», таму таксама яго звалі «прыдворная готыка». У кожнай еўрапейскай краіне яна магла мець сваі асаблівасці, захоўваючы пры гэтым, тым не менш, агульныя, якія адразу распазнаюцца. Усё ж, культурны абмен быў настолькі інтэнсіўным, што часта няма магчымасці вызначыць, з якой дзяржавы і рэгіянальнай школы паходзіць той ці іншы ананімны выраб. Сетка дынастычных шлюбаў, якая ахапіла Еўропу, парадніла мноства двароў, ператварыўшы яе ў адзіную культурную прастору, у якім свабодна перамяшчаліся і прадметы мастацтва, напрыклад, як падарункі.
З сацыялагічнага пункта гледжання, распаўсюджванне стылю інтэрнацыянальнай готыкі не толькі на рэлігійную, але і на свецкую тэматыку (выраблялася вялікая колькасць бытавых прадметаў, прыкладных вырабаў), з'яўляецца важным момантам у развіцці гісторыі культуры Еўропы. Адбываецца павелічэнне колькасці вырабаў, замоўленых па свецкіх прычынах. Прычым не толькі прыдворнымі і дваранамі, але буржуазіяй, якая палепшыла свой дабрабыт.
Двары: імператара Карла IV (Прага), караля Германіі і Багеміі Вацлава IV (Прага), каралёў Францыі Карла V Мудрага і Карла VI Вар'ята (Парыж), братоў Карла V: Людовіка I Анжуйскага, Філіпа II, герцага Бургундскага (Дыжон) і Іаана, герцага Берыйскага і Аверньскага; караля Англіі Рычарда II, папскі двор (Авіньён), герцага Міланскага Джан Галеаца Вісконці (Мілан), іншыя.
Стаўленне да Рэнесансу
Храналагічна гэты стыль папярэднічае ранняму Протарэнесансу, часам перасякаецца з ім і, безумоўна, уплывае на першых майстроў новага мастацтва. Асабліва моцным уплыў готыкі апынуўся на тэрыторыях Паўночнага Адраджэння: для твораў нідэрландскіх і нямецкіх мастакоў яе дасягненні ўсё яшчэ будуць заставацца вельмі важнымі, у той час, як Італія ўжо будзе ўся ахоплена вывучэннем антычнай класічнай спадчыны.
Хоць у ранняе кватрачэнта італьянцы ўсё яшчэ знаходзіліся пад уражаннем ад інтэрнацыянальнай готыкі — яе ўплыў можна заўважыць у творах Карпача, Учэла, Карла Крывелі і Бацічэлі.
Творы
Асноўныя творы — алтарныя абразы і мініяцюры ў манускрыптах. Захаваліся таксама шпалеры.
Карціны, як правіла, пісаліся тэмперай па драўляных дошках. Распаўсюджаны залатыя фоны і пропісы па фігурах золатам. Алтарныя абразы маглі мець некалькі створак (ад дзвюх да дзясятка). Гэтыя выцягнутыя вертыкальныя панэлі мелі тыповыя гатычныя аркавыя завяршэнні — спічастыя ці трохвугольным вімпергам. Рама магла быць упрыгожана арнаментальнай разьбой і пазалочана. Акрамя таго, на самой паверхні дошкі, якая служыць фонам, мог быць выразаны ці зроблены з гіпсу нізкі рэльеф (напрыклад, галінкі дрэў, прадзі валасоў, німбы, шрыфт). Гэта ледзь прыкметная разьба распісвалася, што стварала дадатковы маляўнічы эфект раскошы.
У Іспаніі гэта форма знайшла адлюстраванне ў дошках рэтабла.
Гісторыя тэрміна
Нягледзячы на тое, што тэрмін «інтэрнацыянальная готыка» прапанавалі ў 1890-х гадах амаль адначасова гісторыкі мастацтва Луі Куражо (Францыя) і Юліус фон Шлосер (Аўстрыя), выкарыстоўваць яго ў сённяшнім значэнні пачалі толькі ў 1960—1970-х гадах.
Да гэтага для наймення выкарыстоўваўся тэрмін «позняя готыка» (Spätgotik) (Гурліт у кнізе «Мастацтва і мастакі напярэдадні Рэфармацыі», 1890), а таксама «асаблівая готыка» (Sondergotik), які датычыўся нямецкай готыкі 1350—1550 гадоў. З 1960—1970-х гадоў «позняй готыкай» вырашана назваць готыку пасля 1430 года, а папярэдні перыяд — зваць «інтэрнацыянальнай».
Іншыя ўжываныя мастацтвазнаўцамі старой школы назвы: «Прыдворная готыка» (Hofischen Gotik, art courtois), «касмапалітычнае мастацтва» (art cosmopolite) ці «мяккі стыль» (Weicher Stil).
Спіс мастакоў
(Няпоўны і неправераны)
Італія
Некаторыя італьянскія майстры працавалі ў стылі, пераходным да Рэнесансу.
- Мікеліна да Безоца
- Якапа Беліні
- Андрэа Вані
- Паола Венецыяна
- Аньёла Гадзі
- Тадэа Гадзі
- Джаваніна дэ Грасі
- П'етра Ларэнцэці
- Амброджа Ларэнцэці
- Мазаліна да Панікале
- Сімонэ Марціні (сіенская школа) +
- Ларэнца Манака +
- Пізанела +
- Джэнціле да Фабрыяна +
- Лукіна Бельбела да Павіа
- Стэфана да Верона
Бургундыя
- браты Лімбургі +
- Жан дэ Бомец
- Мельхіёр Брудэрлам
- Жан Малуэль (дзядзька братоў Лімбург)+
- Анры Бельшоз +
- Ангеран Кардон
- Герман Шыр (працаваў у Англіі), мініяцюрыст
Францыя
- Майстар Бусіко (Jacques Coene ?) (мініяцюрыст) +
- Майстар Рагана (Master of the Rohan Prayer-book) (мініяцюрыст) +
- Жан Фуке (жывапісец)+
Свяшчэнная Рымская Імперыя
Германія, Багемія (Чэхія)
- Конрад фон Зост (Вестфалія)
- Штэфан Лохнер
- Майстар «Тржэбаньскага алтара»
- Майстар Бертрам з Гамбурга
- Майстар Святой Веранікі (Кёльн)
- Майстар Тэадэрык з Прагі
- Майстар Франку
- Ніжнерэйнскі майстар
- Master of the Martyrologium of Gerona (мініяцюрыст)
- Майстар венскага Пакланення
- Master of the Votive Picture of Sankt Lambrecht
Іспанія
- Бернат Мартарэль
Галерэя
- Сімонэ Марціні, «Дабравешчанне з двума святымі», 1330, Уфіцы.
- Майстар Тржэбаньскага алтара, «Тржэбаньскі алтар: Уваскрэсенне» , 1380—1390, Прага.
- Пізанела, «Партрэт Джынеўры д'Эстэ», 1435—1449, Луўр.
- Джэнціле да Фабрыяна, «Пакланенне вешчуноў», 1423, Уфіцы.
- Невядомы французскі майстар, «Уілтанскі дыптых», правая створка з Мадоннай з немаўлём і анёламі, 1395—1399, Лонданская нацыянальная галерэя.
- Ларэнца Манака, «Дабравешчанне», Галерэя Акадэміі, Фларэнцыя, 1410—1415.
- Браты Лімбург, «Цудоўны часаслоў герцага Берыйскага», ліст са зрыньваннем паўсталых анёлаў, Музей Кандэ, Шанціі.
- Фра Беата Анджэліка, «Каранацыя Марыі». Спалучае рысы інтэрнацыянальнай готыкі і надыходзячага рэнесансу