Інстытут хіміі АН БССР — першая ў Беларусі акадэмічная ўстанова ў галіне хімічных навук, дала пачатак Аддзяленню хіміі і навук аб Зямлі. Інстытут быў утвораны 2 снежня 1929 года ў складзе Беларускай акадэміі навук. 3 1936 года — у складзе Аддзялення матэматычных і прыродазнаўчых навук АН БССР, з 1940 — у Аддзяленні тэхнічных навук, з 1947 па 1958 уключна — у Аддзяленні фізіка-матэматычных і тэхнічных навук.
Найбольш значныя дасягненні
1955 г.
- Па праблеме «Даследаванне хімізму і кінетыкі вадкафазнага аўтаакіслення прыродных і сінтэтычных вуглевадародаў і іншых арганічных рэчываў» скончана тэма «Даследаванне працэсаў акіслення сярністых злучэнняў з мэтай ужытку для выдалення серы з нафты». Выяўлены ўмовы аўтаакіслення меркаптанаў, што ўтрымліваюцца ў сярністых нафтах і нафтапрадуктах, што ў далейшым мела важнае значэнне для выдалення серы з нафты.
- Па праблеме «Даследаванне лесахімічнай сыравіны і распрацоўка метадаў яе комплекснага выкарыстання» скончана тэма «Вывучэнне хімічнага складу драўніны глыбіннага асмольвання і распрацоўка тэхналогіі яго выкарыстання». Праведзены працы па даследаванні шкіпінару з лёгкага масла і фіхтэлітавага масла, што былі атрыманы з хваёвых пнёў глыбіннага асмольвання рознага ўзросту. Матэрыялы даследаванняў у далейшым былі выкарыстаны ў вытворчасці спірту і шкіпінару.
- Па тэме «Даследаванне велічыні рэактыўных паверхняў каталізатараў» распрацаваны новы метад вызначэння велічыні рэакцыйнай паверхні каталізатараў па адсорбцыі радыеактыўнай вуглекіслаты, які даў магчымасць вызначыць паверхню каталізатараў і, натуральна, іх актыўнасць.
1956 г.
- Па праблеме «Даследаванне хімізму і кінетыкі вадкафазнага аўтаакіслення прыродных і сінтэтычных вуглевадародаў і іншых арганічных рэчываў» скончана праца па даследаванні звязанага вадкафазнага аўтаакіслення вуглевадародаў. Атрыманцыя дадзеныя мелі практычны ўжытак для выбарнага акіслення кампанентаў складаных дамешкаў пры перапрацоўцы нафты.
- Скончана праца па аўтаакісленні вытворных цыклагексену і тэтраліну. У выніку распрацаваны новыя метады атрымання двухзамешчаных вытворных цыклагексену і атрыманы гідраперакісы паравытворных тэтраліну, якія ў далейшым знайшлі ўжытак у якасці ініцыятараў палімерызацыйных працэсаў. Распрацаваны новы метад атрымання цыклагексадыену, які стаў зыходным прадуктам для атрымання пластычных мас новага тыпу.
- Па праблеме «Фізіка-хімічнае даследаванне прыродных солей і солевых раўнаваг» выканана работа па фізіка-хімічнай характарыстыцы калійных адкладаў БССР. Даследаваны ўмовы крышталізацыі солей пры выпарэнні, усталяваны парадак вылучення солей, іх прырода. Створана простая і эфектыўная тэхналагічная схема абагачэння сільвінітавай руды Старобінскага радовічша. Паказана магчымасць ужывання двухкратнай сепрацыі ў гідрацыклоне для абагачэння сільвінітавай руды, якая падвышае колькасць хлорыстага калію ў канцэнтраце да 89 % з адначасовым паніжэннем яго колькасці ў хвастах да 1,5 % пры сумарным атрыманні KCl 96 %. Таксама была даказана мэтазгодным ужываць фотаметрычны метад для вызначэння калію і натрыю ў мінеральных солях замест спектральнага, што дало ў выніку 40-50-разовы рост прадукцыйнасці аналізу і яго дакладнасці.
1957 г.
- Па праблеме «Фізіка-хімічнае даследаванне прыродных солей і солевых раўнаваг» вывучаны мінералагічны і хімічны склад парод сільвінітавай сыравіны Старобінскага радовішча. Устаноўлена, што ў адрозненні сільвінітавай сыравіны ўральскіх радовічшаў сільвінітавая парода Старобінскага радовішча ўтрымлівае каля 0,5 % нерастваральнай у вадзе рэшты, што ў далейшым мела важнае значэнне пры распрацоўцы тэхналагічных працэсаў вытворчасці калійных угнаенняў. Праведзена спектральнае і фотаметрычнае вызначэнне макра- і мікраэлементаў у калійных солях Старобінскага радовішча, ўсталявана колькаснае ўтрыманне цырконію, тытану, стронцыю і марганцу ў калійных солях і іх размеркаванне паміж растваральнай і нерастваральнай часткамі пробы. Праведзены якасны аналіз проб на ўсіх гарызонтах на ўтрыманне вальфраму, малібдэну, берылію, германію, ніобію, гафнію. Метадам палыменнай фотаметрыі вызначаны ўплыў хлорыстага натрыю на дакладнасць вызначэння калію і наадварот, а таксама кальцыю і магнію на дакладнасць вызначэння кожнага з іх.
1958 г.
- Па праблеме «Фізіка-хімічнае даследаванне прыродных солей і іх выкарыстанне ў народнай гаспадарцы» праведзены фотаэлектрычнае і спектральнае вызначэнне элементаў рэдкіх зямель у калійных солях Старобінскага радовішча. Шляхам колькаснага аналізу проб на ўтрыманне рэдкіх зямель устаноўлена, што апошнія канцэнтруюцца ў асноўным у гліністым глеі, дзе іх утрыманне мізэрнае; яшчэ меней іх у вапнавым шламе, а найменш — у солевых пробах. Таму як крыніца рэдкіх зямель калійныя руды далей не разглядаліся, а пры разліках мікраэлементаў пры ўнясенні калійных угнаенняў у глебу рэдкія землі не ўлічваліся.
- Па рэкамендацыі Дзяржплана СССР і паводле Пастановы Савета Міністраў БССР выканана праца па вывучэнні перспектыў развіцця хімічнай прамысловасці ў БССР на 1959—1965 гг. У прыватнасці, быў праведзены тэхніка-эканамічны аналіз і паказана мэтазгоднасць будаўніцтва ў БССР азотнатукавага, суперфасфатнага заводаў і калійнага камбінату. Для кожнага з названых прадпрыемстваў быў праведзены выбар сыравіны, спосабу вытворчасці і відаў гатовай прадукцыі.
Рэарганізацыя
21 лістапада 1958 Прэзідыўм АН БССР пастанавіў стварыць на базе Інстытута хіміі АН БССР з 1 студзеня 1959 два самастойныя інстытуты — Інстытут фізіка-арганічнай хіміі і Інстытут агульнай і неарганічнай хіміі. Рашэнне Прэзідыўма набыло моц 1 студзеня 1959 г., а ў сярэдзіне 1959 г. названыя інстытуты ў выніку падзелу Аддзялення фізіка-матэматычных і тэхнічных навук на Аддзяленне фізіка-матэматычных, хімічных і геалагічных навук і Аддзяленне тэхнічных навук увайшлі ў склад Аддзялення фізіка-матэматычных, хімічных і геалагічных навук АН БССР.
Дырэктары ў розныя гады
- Уладзімір Віктаравіч Шкатэлаў — 1930—1933
- Мікалай Сямёнавіч Казлоў — 1933—1938
- Барыс Васілевіч Ерафееў — 1939—1941, 1944—1948
- Канстанцін Мікалаевіч Караткоў — 1949—1952
- Барыс Васілевіч Ерафееў — 1952—1958
Гістарычная значнасць Інстытута
Прадпрыемствы, створаныя пры непасрэдным навукова-практычным суправаджэнні Інстытута
Новыя гарады, якія ўзніклі пры прадпрыемствах
Літаратура
- Отчет о научной деятельности Академии наук Белорусской ССР за 1955 г. — Мн., 1956.
- Отчет о научной деятельности Академии наук Белорусской ССР за 1956 г. — Мн., 1957.
- Отчет о научной деятельности Академии наук Белорусской ССР за 1957 г. — Мн., 1958.
- Отчет о научной деятельности Академии наук Белорусской ССР за 1958 г. — Мн., 1959.
- Отчет о научной деятельности Академии наук Белорусской ССР за 1959 г. — Мн., 1960.