Інстытут польскай пралетарскай культуры Акадэміі навук Беларусі
Краіна
Адміністрацыйны цэнтр
Тып арганізацыі інстытут
Кіраўнік Іван Антонавіч Віткоўскі і Стэфан Гельтман
Заснаванне
Дата заснавання 1925
Ліквідацыя
Дата скасавання 1936

Інстытут польскай пралетарскай культуры (ІППК) Акадэміі навук Беларусі — навукова-даследчая ўстанова ў 1925—1936 гадах.

Гісторыя

Заснаваны 30 сакавіка 1925 года як польскі аддзел у складзе Інстытута беларускай культуры (Інбелкульт), старшыня Стэфан Гельтман. Падзяляўся на 3 камісіі: гісторыі (у 1929 годзе ўвайшла ў склад Інстытута гісторыі АН БССР), этнаграфіі, мовы і літаратуры; 2 секцыі: маскоўскую і карэспандэнтаў. З 1926 года — польскі сектар Інбелкульта, з 1929 года — Акадэміі навук.

У 1931 годзе пераўтвораны ў ІППК, у складзе якога дзейнічала гістарычная камісія. У 1931—1935 гадах дырэктар інстытута Іван Віткоўскі, тут працавалі Барбара Будкевіч, Тамаш Домбаль, В. Карніенка, Адам Славінскі (Качароўскі), В. Фрышман і іншыя. Значная частка супрацоўнікаў была дзеячамі польскага і міжнароднага рабочага руху. Асноўнымі кірункамі даследаванняў былі гісторыя нацыянальна-вызваленчага і дэмакратычнага руху на Беларусі ў XIX—XX стагоддзях і ўдзел у ім палякаў, гісторыя паўстання 1863—1864 гадоў, гісторыя рэвалюцыйнага руху ў Польшчы, палітычнае і эканамічнае становішча ў пасляваеннай Польшчы (1920-я — 1930-я), польскае нацыянальна-культурнае будаўніцтва ў Беларускай ССР. Супрацоўнікі разам з спецыялістамі іншых устаноў працавалі над падручнікамі для школ, ВНУ, складалі вучэбныя праграмы. Работнікі інстытута прымалі ўдзел у рабоце Усесаюзнага з’езда навуковых работнікаў па лініі польскай працы, які адбыўся 11 ліпеня 1933 года ў Менску.

Дзейнасці інстытута перашкаджалі недахоп адмыслова падрыхтаваных кадраў, навуковай літаратуры, замежнай прэсы і фінансаў, цяжкасці з наладжваннем кантактаў з навуковымі цэнтрамі ў Польшчы. Пазней былі распачатыя палітычныя рэпрэсіі і арышты супрацоўнікаў, якіх звычайна абвінавачвалі ў «шпіянажы на карысць Польшчы».

У 1935 годзе інстытут быў уключаны ў склад Інстытута пралетарскай культуры нацыянальных меншасцей (ІПКНМ) АН у якасці польскай секцыі. У 1936 годзе ІПКНМ спыніў дзейнасць, польская секцыя перададзеная ў склад секцыі Захаду Інстытута гісторыі АН БССР. Секцыя практычна не дзейнічала і ў канцы 1930-х гадоў была ліквідавана.

Дзейнасць

Былі выдадзены працы «Польскі рабочы ў Кастрычніцкай рэвалюцыі на Беларусі» Стэфана Гельтмана (1927), «Паўстанне 1863 года і расійскі рэвалюцыйны рух пачатку 1860-х гадоў» Івана Віткоўскага (кн. 3, 1931), «1863 год на Меншчыне» (1927), «Рабочы рух у царстве Польскім» Барбары Будкевіч (1934) і інш.

Літаратура

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.