Інстытут нацыянальных меншасцей АН БССР (іншая назва — Інстытут пралетарскай культуры нацыянальных меншасцей АН БССР) — акадэмічная арганізацыя, што ў 1930-х гг. адыгрывала пэўную ролю ў эмансіпацыі этнічных меншасцей Беларусі шляхам стварэння ўласных навуковых устаноў і арганізацый гісторыі і культуры. Быў утвораны 29 ліпеня 1935 года. Дырэктарам у 1935—1936 гадах быў акадэмік Станіслаў Юр’евіч Матулайціс, а вучоным сакратаром — член-карэспандэнт Самуіл Хаімавіч Агурскі.

Кірункі даследаванняў

Інстытут меў тры галоўныя кірункі даследаванняў. Іх умоўна можна назваць польскім, літоўскім і латышскім, і яўрэйскім — паводле назваў Інстытутаў пралетарскіх культур, што былі ўтвораны пры пераходзе Акадэміі да інстытуцкай структуры ў 1931 годзе.

Польскі кірунак даследаванняў

Значная роля ў працэсе эмансіпацыі этнічных меншасцей БССР надавалася стварэнню ўласных навуковых устаноў і арганізацыі нацыянальнай гісторыі і культуры. Цэнтрам такіх устаноў і даследчыцкіх праектаў стаў Інбелкульт. Пры ім з 1922 года працаваў польскі сектар, які займаўся вывучэннем матэрыяльнай і духоўнай культуры палякаў у БССР. Этнаграфічная камісія гэтага сектара правяла некалькі экспедыцый па месцах кампактнага рассялення палякаў. У 1930-я гады існаваў Інстытут польскай пралетарскай культуры, пазней уключаны на правах сектароў, аддзелаў і камісій у склад Інстытута нацменшасцяў. Вядомыя наступныя публікацыі Інстытута польскай пралетарскай культуры:

  • Boszko, W. I. Od Baltyku do morza Czarnego = Ад Балтыцкага да Чорнага мора : O wielkim Dnieprze / W. I. Boszko ; Przetl.: A. Horawski ; Bialorus. Akad. nauk. Inst. ekon. ; Pol. inst. kultury proletarjackiej. — Minsk, 1933.
  • Sierpiński, Ryszard. Tło gospodarcze i istota klasowa powstania listopadowego 1830 roku = Асновы эканамічныя і класавая сутнасць лістападаўскага паўстання 1830 года / Ryszard Sierpiński ; Białoruska Akademja Nauk, Polski Instytut Kultury Proletarjackiej. — Minsk, 1934.

Літоўскі і латышскі кірункі даследаванняў

Пры Інбелкульце з 1927 года (пазней пры АН БССР) таксама працавала Латышская камісія (з 1929 г. латышскі сектар АН БССР, з 1933 г. — Інстытут пралетарскіх культур літоўскай, латышскай і іншых народнасцей, з 1935 года — латышская секцыя Інстытута нацменшасцей АН БССР), якая вывучала гісторыю і культуру латышоў.

У 1922 годзе пры Інбелкульце была адчынена кафедра гісторыі Літвы1929 г. — літоўскі сектар АН БССР, з 1933 года — Інстытут пралетарскіх культур літоўскай, латышскай і іншых народнасцей, з 1935літоўская секцыя Інстытута нацменшасцей АН БССР). Секцыяй кіраваў акадэмік Станіслаў Юр’евіч Матулайціс. Вядомыя наступныя яго публікацыі па тэматыцы кірунку:

  • Матулайціс С.Ю. 1863 год у Літве. Ч. 1. Сацыяльна-эканамічны стан Літвы перад паўстаннем. — Мн.: БАН, 1933.
  • Беларуска-літоўскі і руска-літоўскі тэрміналагічны слоўнік і сшытак = Baltarusiskai-lietuviskas ir rusiskai-lietuviskas terminologinis zodynelis i sasiuvinis / Беларуская Акадэмія навук, Літоўскі сектар ; апрацаваў В.Копка ; рэдактар С.Матулайціс. — Мн., 1934.

Яўрэйскі кірунак даследаванняў

У 1922 годзе быў створаны яўрэйскі аддзел Інбелкульта. З 1925 года ў яго склад уваходзіла чатыры камісіі. У 1928 годзе яўрэйскі аддзел быў трансфарміраваны ў сектар пры АН БССР. Пры ім выдаваўся навуковы часопіс «Цайтшрыфт» (Штогоднік), у якім друкаваліся даследаванні супрацоўнікаў сектара. У 1932 годзе на базе яўрэйскага сектара Інбелкульта быў заснаваны Інстытут яўрэйскай пралетарскай культуры пры АН БССР. У ім дзейнічала пяць камісій: лінгвістычная, гістарычная, літаратурная, сацыяльна-эканамічная і антырэлігійная. Сярод публікацый:

  • Агурскі С.Х. Ленiнская "Іскра" ў барацьбе супраць Бунда. — Мн.: Дзяржвыд БССР, 1934.

Далейшы лёс

Усярэдзіне 1935 года інстытуты і сектары, якія даследавалі гісторыю і культуру нацыянальных меншасцей на тэрыторыі Беларусі, былі аб’яднаны ў Інстытут нацыянальных меншасцей. Інстытут у 1936 годзе ўвайшоў у склад Аддзялення грамадскіх навук АН БССР. Спыніў сваю дзейнасць у траўні 1937 года ў выніку сталінскіх рэпрэсій. Пасля вайны не аднаўляўся; даследаванні этнічных меншасцяў трансфармаваліся ў асноўным у даследаванні па рускай культуры.

Крыніцы

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.