Імрэ Цёкёлі | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
Imre Thököly (Tököly) | |||||||
|
|||||||
Папярэднік | Міхай I Апафі | ||||||
Пераемнік | Ферэнц II Ракацы | ||||||
|
|||||||
|
|||||||
Нараджэнне |
25 верасня 1657[1][2][…] |
||||||
Смерць |
13 верасня 1705[1][2][…] (47 гадоў) |
||||||
Месца пахавання |
Ізміт (1705) Кежмарак (з 1906) |
||||||
Бацька | István Thököly[d] | ||||||
Маці | Mária Gyulaffy[d] | ||||||
Жонка | Ілона Зрыні | ||||||
Веравызнанне | Лютэранства | ||||||
Дзейнасць | палкаводзец | ||||||
Аўтограф | |||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Князь Імрэ Цёкёлі (Цёкёй) дэ Ке́жмарк (венг.: Thököly/Tököly/Tökölli Imre, харв.: Mirko Thököly, сербск.: Tekeli або Tekelija, славацк.: Imrich Tököli; 25 красавіка 1657, Кежмарк, Каралеўства Венгрыя, Габсбургская манархія — 13 верасня 1705, Ізміт, Асманская імперыя) — венгерскі дзяржаўны дзеяч, кіраўнік антыгабсбургскага паўстання, князь сяміградскі, кароткачасовы васальны кароль Верхняй Венгрыі.
Біяграфія
Імрэ Цёкёлі нарадзіўся ў Кежмарку (цяпер Кежмарак, Славакія). Навучаўся ў лютэранскім каледжы ў Эпер'ешы.
У снежні 1670, калі яго бацька Іштван Цёкёлі, удзельнік антыгабсбургскае Вешэленскай змовы, быў забіты імператарскімі войскамі пры абароне ўласнага Арваскага замка (цяпер Ораўскі замак), Імрэ збег у Трансільванію, дзе атрымаў прытулак у сваяка Міхая Тэлекі, вярхоўнага міністра Міхая Апафі, князя Трансільваніі. Тут Цёкёлі наладзіў кантакты з уцекачамі з Венгрыі (цяперашняя Славакія), якія ўскладалі на яго вялікія надзеі ў барацьбе з Габсбургамі. Незадаволенасць дасягнула найвышэйшай кропкі, калі імператар Леапольд I прыпыніў дзеянне канстытуцыі, прызначыў Іагана Каспара Ампрынгена дыктатарам, пазбавіў 450 пратэстанцкіх святароў сродкаў да існавання і яшчэ 67 асудзіў да пакарання на галерах.
Паўстанне
Заручыўшыся падтрымкай французскага караля Луі XIV, куруцы паўсталі «pro libertate et justitia» і абралі Цёкёлі сваім лідарам. Паўстанне пачалося ў 1678 годзе. Неўзабаве Усходняя Венгрыя і цэнтральныя шахцёрскія гарады перайшлі пад іх кантроль. У 1681 годзе, узмоцнены 10 000 трансільванцаў і турэцкімі войскамі пад камандаваннем пашы Надзь Варда (цяпер Арадзя ў Румыніі), Цёкёлі вымусіў імператара пагадзіцца на перамір'е.
У чэрвені 1682 Імрэ Цёкёлі ажаніўся з харвацкай княгіняй Ілонай Зрыні, удавой князя Ферэнца I Ракацы.
Недавер Цёкёлі да імператара падбіў яго звярнуцца па дапамогу да султана Мехмеда IV, які прызнаў яго каралём Верхняй Венгрыі) пры ўмове штогадовай выплаты 40 000 талераў. Цягам усяго года Цёкёлі заваёўваў адну крэпасць за другой і пашырыў свае ўладанні да ракі Ваг. На двух соймах, у Кашы (цяпер Кошыцы, Славакія) і Таі, у 1683 годзе, магнаты выказалі заклапочанасць яго збліжэннем з асманамі, што магло пазбавіць краіну незалежнасці, і таму адмовіліся падаваць яму фінансы і мабілізаваць насельніцтва ў войска, таму ён узяў неабходнае гвалтам.
Саюз з Асманскай імперыяй
У 1683 Цёкёлі разам з туркамі браў удзел у бітве пад Венай, якая скончылася іх паражэннем. Вялікі візір звінаваціў у паражэнні пад Венай Цёкёлі, які паспяшаўся ў Эдзірнэ дзеля свайго апраўдання. Неўзабаве, зразумеўшы, што турэцкая афера скончана, ён звярнуўся да польскага караля Яна III Сабескага з просьбай прымірыць яго з імператарам, паабяцаўшы скласці зброю, калі імператар пацвердзіць рэлігійныя правы пратэстантаў у Венгрыі і аддасць у валоданне Цёкёлі Верхнюю Венгрыю (дакладней 13 паўночна-ўсходніх паветаў Каралеўскай Венгрыі) і тытул князя. Леапольд адпрэчыў гэтыя ўмовы і запатрабаваў безумоўнай капітуляцыі. Тады Цёкёлі ўзнавіў баявыя дзеянні, аднак атрымаў у 1685 шэраг паражэнняў, быў схоплены туркамі ў Надзь Вардзе і ў кайданах адасланы ў Эдзірнэ. Большая частка яго войска перайшла на бок імператара.
У 1686 Цёкёлі быў вызвалены і накіраваны з невялікім войскам у Трансільванію, аднак і гэтая, і наступная выправы ў 1688 годзе скончыліся праваламі. Туркі ізноў яго арыштавалі, аднак у 1690 ізноў накіравалі яго ў Трансільванію з 16 000 войнаў, і ў верасні ён разбіў пад Зэрнешці аб'яднанае войска генерала Зігберта Гайстэра і князя Міхая Тэлекі. Пасля гэтай перамогі Цёкёлі быў абвешчаны князем Трансільваніі, аднак ледзь стрымліваў імперскія атакі. У 1691 ён пакінуў Трансільванію.
Узначальваў турэцкую кавалерыю ў бітве пад Сланкаменам, удзельнічаў у бітвах супраць Аўстрыі да канца вайны, вызначыўшыся ў бітве пад Зентай (1697).
Яго імя было персанальна выключана са спісу амніставаных паводле ўмоў Карлавіцкага міру (26 студзеня 1699). Не дабіўшыся аднаўлення правоў і ў наступным, 1700 годзе, ён пасяліўся з жонкай у Галаце (цяпер у Стамбуле). Ад султана Мустафы II атрымаў вялікія маёнткі і тытул князя Відзіна.
Памёр у 1705 у Нікамедыі. Пахаваны ў Кежмарку ў маўзалеі так званай «новай царквы».
Памяць
Статуя Імрэ Цёкёлі на плошчы Герояў у Будапешце ўключана ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Зноскі
- 1 2 Imre Thokoly // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
- 1 2 Imre (Emmerich) Tököly // Brockhaus Enzyklopädie Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ Deutsche Nationalbibliothek Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 14 снежня 2014.
- ↑ Deutsche Nationalbibliothek Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 31 снежня 2014.
Літаратура
- Гэты артыкул (раздзел) змяшчае тэкст, узяты (перакладзены) з адзінаццатага выдання «Брытанскай энцыклапедыі», якое перайшло ў грамадскі набытак.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 17. — С. 109. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0279-2 (т. 17).