Ілюмінаванне (ад лац.: illumino — асвятляю, раблю яркім, упрыгожваю) — працэс выканання каляровых мініяцюр (ілюмінацый) і арнаментацыі ў сярэдневяковых рукапісных кнігах.
У кожнага майстра былі свае сакрэты вырабу фарбы і клею, запазычаныя з рэцэптаў візантыйскіх і ўсходніх майстроў. Перш чым накладваць фарбы на пергамент, іх змешвалі з яечным бялком. Сінюю атрымлівалі з індыга, з кветак васілька, а таксама з мінерала лазурыта; чырвоную — з плюшчу, але асабліва цанілі кінавар і сурык, які атрымлівалі пры награванні свінцовых бяліл; зялёную — з малахітавай зеляніны, жоўтую — з адвара каранёў і сцёблаў шафрана, карычневую — з адвара алешыны, шалупіння цыбулі. Атрымлівалі і штучныя фарбы: «залатую» — з парашка медзі і цынку, «сярэбраную» — з сумесі волава і цынку. «Залатыя» ўчасткі мініяцюр паліравалі да бляску зубам дзіка.