Аграгарадок
Ілья
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
54°24′59″ пн. ш. 27°17′29″ у. д.
Заснаваны
1475
Вышыня цэнтра
183 м
Насельніцтва
  • 1 458 чал. (2009)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1771
Паштовыя індэксы
222431
Аўтамабільны код
5
Ілья на карце Беларусі ±
Ілья (Беларусь)
Ілья
Ілья (Мінская вобласць)
Ілья

І́лья[1] (трансліт.: Iĺja, руск.: Илья) — аграгарадок у Вілейскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Ільянскага сельсавета. Насельніцтва 1458 чал. (2010). Знаходзіцца за 37 км на паўднёвы ўсход ад Вілейкі, за 29 км ад чыгуначнай станцыі Уша; на аўтамабільнай дарозе Р58 (Сосенка — Краснае).

Назва

Існуе некалькі меркаванняў пра паходжанне тапоніму «Ілья». Паводле аднаго з іх, ён утварыўся ад назвы ракі Ілія і спярша выглядаў як Іля. Пазней назва мястэчка змянілася на Ілью, нібыта ў гонар хрысціянскага прарока. Згодна з іншай версіяй, паселішча атрымала сваю назву ад Ільінскай царквы.

Гісторыя

Першы пісьмовы ўспамін пра Ілью як двор маршалка дворнага Багдана Саковіча датуецца 1475 годам. Пазней паселішчам валодалі Забярэзінскія, Збаражскія.

У 1564 годзе Ілья ўпершыню згадваецца як мястэчка («место»), таксама існавалі аднайменныя двор і воласць. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) мясцовасць увайшла ў склад Менскага павета Менскага ваяводства. З 1582 года да канца XVII стагоддзя Ілья знаходзілася ў валоданні Глябовічаў. Паводле інвентару (1650) мастэчка складалася з рыначнага пляца і 3 вуліц, тут было 93 двары, 10 корчмаў, новазбудаваны касцёл (царква згарэла незадоўга да складання інвентару). У 1692 годзе Крысціна Глябовіч разам з мужам, гетманам вялікім Казімірам Янам Сапегам змянялі маёнтак велятыцкаму старосту князю К. Друцкаму-Сакалінскаму. У XVIII стагоддзі ўладальнікамі Ільі былі: дачка Друцкага-Сакалінскага Барбара і яе муж ковенскі харунжы А. Скарульскі, Савіцкія (графы на Ільі), каралеўскі ад’ютант, потым Я. М. Салагуб, за якім у маёнтку існавала вялікая гута. У 1792 годзе апошні прадаў Ілью падскарбію вялікаму, кампазітару Міхалу Клеафасу Агінскаму.

Касцёл Маці Божай, каля 1910 г.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Ілья апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Вілейскім павеце Віленскай губерні. За ўдзел у паўстанні Т. Касцюшкі (1794) расійскія ўлады канфіскавалі мястэчка. У 1795—1804 гадах уладальнікам Ільі быў фельдмаршал М. Салтыкоў, у 1804—1806 гадах — генерал-маёр Л. Здзяхоўскі, потым — мінскі губернскі маршалак (1804—1806) Юзаф Міхалавіч Валадковіч (1761—1822) і С. Радзішэўскі, які ў часы вызваленчага паўстання (1830—1831) быў ваенным начальнікам Вілейскага павета і камандзірам палку. Расійскія карныя войскі разрабавалі Ільінскую сядзібу, а маёнтак канфіскавалі. Станам на 1886 год у мястэчку было 40 двароў, 2 праваслаўныя царквы, школа, таргі ў нядзелі, рэгулярныя кірмашы 6 студзеня і 20 чэрвеня.

Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Ілья апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе зрабілася цэнтрам гміны Вілейскага павета Віленскага ваяводства. У гэты час існавалі аднайменныя мястэчка (236 дамоў) і калонія (30 дамоў).

У 1939 годзе Ілья ўвайшла ў склад БССР, статус паселішча панізілі да вёскі. З 15 студзеня 1940 года цэнтр Ільянскага раёна, з 12 кастрычніка 1940 года цэнтр Ільянскага сельсавета. Пасля скасавання Ільянскага раёна 24 ліпеня 1957 года ў Вілейскім раёне[2]. Станам на 1971 год тут было 530 двароў, на 1995 год — 600 двароў.

Насельніцтва

  • XVIII стагоддзе: 1798 год — 170 чал.
  • XIX стагоддзе: 1860 год — 141 чал.; 1866 год — 522 чал.[3]; 1886 год — 318 чал.
  • XX стагоддзе: 1905 год — 1525 чал.; 1921 год — 1333 чал. у мястэчку Ілья і 162 чал. у калоніі Ілья; 1971 год — 2179 чал.; 1995 год — 1865 чал.[4]; 1999 год — 1671 чал.
  • XXI стагоддзе: 2010 год — 1458 чал.

Інфраструктура

Адукацыя

Ільінская школа

У вёсцы знаходзіцца адна з дзвюх сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў Вілейскага раёна — Ільянскі аграрны каледж. Установа адкрылася 26 жніўня 1957 года пад назвай Ільінскі ветэрынарны тэхнікум. 20 верасня 1990 года саўгас-тэхнікум пераўтварыўся ў асобны саўгас «Абадоўцы» і Ільінскі сельскагаспадарчы тэхнікум. За час свайго існавання да 2008 года навучальная ўстанова падрыхтавала 7061 спецыяліста, з якіх 2928 заатэхнікаў і 4133 фельчары ветэрынарнай медыцыны.

У Ільі размяшчаецца дзіцячая музычная школа, заснаваная 25 жніўня 1975 года. Першым рэктарам быў Раман Мізула. За час існавання да 2008 года музычную школу скончыла больш за 270 навучэнцаў. У школе праходзіць навучанне на наступных музычных інструментах: баян, акардэон, цымбалы, фартэпіяна. У 2004 годзе ў Ільінскай музычнай школе адкрыліся харэаграфічнае аддзяленне, старэйшы і малодшы харавыя ансамблі, а таксама змяшаныя дзіцячыя ансамблі.

Таксама ў вёсцы дзейнічае агульнаадукацыйная сярэдняя школа з краязнаўчым ухілам імя акадэміка Адама Антонавіча Грымаця. Паводле звестак на 2008 год у ёй навучаюцца 360 вучняў і працуюць 40 настаўнікаў (7 з іх маюць вышэйшую катэгорыю, 20 — першую).

Медыцына

Медыцынскія паслугі надае бальніца.

Культура

Дзейнічаюць дом культуры і бібліятэка.

У Ільінскай школе дзейнічаюць 2 музеі: «Ільянскія далягляды» і «Вілейшчына літаратурная».

Славутасці

Касцёл Найсвяцейшага Сэрца Ісуса
Свята-Ільінская царква

Страчаная спадчына

У 1772 годзе па фундацыі Брыгіты з Радзівілаў Салагуб у Ільі пабудаваны Касцёл Маці Божай Ружанцовай, знішчаны ў часы Другой сусветнай вайны.

Вядомыя асобы

Мястэчка Ілья — радзіма продкаў Лізы Кудрау[5].

Крыніцы

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Ілля́, Ілья́
  2. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Аб ліквідаванні Ільянскага раёна, Маладзечанскай вобласці ад 24 ліпеня 1957 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1957, № 7.
  3. SgKP 1882, s. 258.
  4. ЭГБ 1996.
  5. Кіназорка плакала на месцы пахавання іллянскіх яўрэяў(недаступная спасылка)

Літаратура

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.