Ігар Аляксандравіч Марзалюк | |
---|---|
Дата нараджэння | 11 верасня 1968 (55 гадоў) |
Месца нараджэння | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | палітык, выкладчык універсітэта, гісторык, археолаг, прапагандыст |
Навуковая сфера | гісторыя[2], археалогія[2], палітыка[2] і прапаганда |
Месца працы | |
Навуковая ступень | доктар гістарычных навук (2003) |
Навуковае званне | |
Альма-матар | |
Навуковы кіраўнік | Георгій Васілевіч Штыхаў |
Партыя |
|
Член у | |
Узнагароды | |
Цытаты ў Вікіцытатніку |
І́гар Алякса́ндравіч Марзалю́к (нар. 11 верасня 1968, Краснаполле, Магілёўская вобласць) — беларускі гісторык і археолаг, палітык, прапагандыст рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі[3]. Член-карэспандэнт НАН Беларусі (2019), доктар гістарычных навук (2003), прафесар.
Біяграфія
Паводле словаў самога Марзалюка, па кудзелі ён паходзіць з «польскай каталіцкай шляхты» Мсціслаўскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага і ганарыцца сваімі польскімі каранямі[4].
Пра сваю культурную ідэнтычнасць Ігар Марзалюк адзначыў у 2013 годзе:[5]
Для мяне беларушчына — неад'емны складнік маёй культурнай ідэнтычнасці. Быць беларусам было натуральна і арганічна з самага дзяцінства. У мяне была беларускамоўная вясковая школа, дзед — член Таварыства беларускай школы. І «нашаніўскія» выданні я пабачыў не ў музеі, а на кніжнай палічцы майго дзеда. |
У 1992 годзе скончыў гістарычны факультэт Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова. Завочна скончыў аспірантуру. У 1996 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Магілёў у XII—XVIII стст. (па матэрыялах археалагічнага даследавання і пісьмовых крыніц)» (навук. кіраўнік — Г. В. Штыхаў). Працаваў археолагам у Магілёўскай архітэктурна-рэстаўрацыйнай фірме «АРТ-М». З 1996 па 1999 год старшы выкладчык кафедры філасофіі, а з 1999 па 2002 гг. — дацэнт кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін МДУ імя А. А. Куляшова. У 1990-х гадаў быў членам апазіцыйнай да Аляксандра Лукашэнкі партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада, насіў значок з бела-чырвона-белым сцягам[6].
У 2003 годзе абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Этнаканфесійныя і сацыякультурныя стэрэатыпы насельніцтва беларускіх зямель у X—XVII стст.». Называў сябе самым маладым доктарам гістарычных навук[7] (насамрэч такім быў Дзяніс Дук). У 2004—2016 гадах загадчык кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін МДУ імя А. А. Куляшова. З восені 2016 года — дэпутат, старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па навуцы, культуры і адукацыі.
27 жніўня 2020 паведаміў, што ў яго здарыўся мікраінсульт. Праблемы са здароўем, заявіў Марзалюк, праявіліся пасля атрыманых пагроз: «Як тут не хвалявацца, калі адраджэнцы ў тэлеграме жадаюць смерці, смерці сям’і, пагражаюць забойствамі… Калі гэта дэмакратыя, то супраць такой дэмакратыі я гатовы ісці са зброяй у руках». Дагэтуль у СМІ з’явілася відэа, дзе Марзалюк ідзе хістаючыся па горадзе[8].
З 2024 года дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 8-га склікання.
Сям’я
Жанаты з Аленай Марзалюк, старшай навуковай супрацоўніцай Магілёўскага гістарычнага музея. Сын — Альгерд (нар. 2002)[6].
Працоўная і навуковая дзейнасць
Займаўся археалагічнымі раскопкамі на Магілёўшчыне, вёў даследчыцкую работу ў архівах Магілёва, Мінска, Вільнюса. Удзельнічаў у навуковых канферэнцыях і чытаў лекцыі па гісторыі Беларусі ў Польшчы, Германіі і Чэхіі. Узначальвае абласную грамадскую арганізацыю «Магілёўскае краязнаўчае таварыства».
Аўтар даследаванняў па гісторыі Магілёва, у т.л. кнігі «Магілёўская даўніна ў пытаннях і адказах» (1997, у сааўтарстве з А. Р. Агеевым і І. А. Пушкіным; 2-е выд. перапрац. і дап. 1999). Аўтар вучэбнага дапаможніка «Гісторыя рэлігіі Беларусі (10—18 ст.)» (1997), манаграфіі «Магілёў у 12—18 ст. Людзі і рэчы» (1998).
У ліпені 2014 Марзалюк паведаміў, нібы знайшоў «берасцяную грамату»[9]. Але вучоныя не прызнаюць гэты прадмет граматай, бо на ім не відаць ніводнай літары.
Палітычная дзейнасць
Вонкавыя відэафайлы | |
---|---|
Ігар Марзалюк пра «Дэкрэт № 3» падчас «маршу» ў Магілёве |
Вонкавыя відэафайлы | |
---|---|
Ігар Марзалюк слухае А. Лукашэнку |
Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь V склікання (2012—2016, пастаянная камісія па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы). З 2016 г. — дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь VI склікання, старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы.
Неаднаразова выказваўся ў падтрымку «Дэкрэта аб дармаедстве»[10].
9 сакавіка 2017 г. прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заклікаў чыноўнікаў і дэпутатаў (у тым ліку, мясцовых саветаў), каб яны актыўней працавалі з насельніцтвам адносна выканання прэзідэнцкага дэкрэта № 3[11]. 15 сакавіка 2017 г. у Магілёве падчас несанкцыянаванага пратэсту людзей (500—700 чал.[12]) супраць прэзідэнцкага дэкрэта № 3, Ігар Марзалюк як мясцовы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу актыўна выступаў перад прысутнымі пратэстуючымі, абяцаючы, што «рэзка будзе пашыраны пералік людзей, якія маюць права не плаціць збор» і да 25 сакавіка 2017 г. з дэкрэта № 3 «усю дурасць прыбяруць»[13]. Магілёўскі праваабаронца Аляксандр Хамратаў звярнуўся ў суд Ленінскага раёна г. Магілёва па тлумачэнні, чаму Ігар Марзалюк не прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці, бо Марзалюк, паводле слоў Хамратава, нанёс яму «маральную шкоду» і ўдзельнічаў у несанкцыянаваным мітынгу[14]. Ленінскі РАУС г. Магілёва адмовіў у прэтэнзіях, бо ў дзеяннях дэпутата Марзалюка «адсутнічае склад правапарушэння». У адказ на запыт, чым адрозніваюцца паводзіны пратэстуючых на несакцыянаваным мітынгу і дэпутата парламента, Упраўленне ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама паведаміла, што «ў абавязкі органаў унутраных спраў не ўваходзіць тлумачэнне дзейнага заканадаўства і юрыдычная кансультацыя», таму дэпутат Марзалюк не быў прыцягнуты да адказнасці[14].
У пачатку красавіка 2017 г., у адказ на зварот да яго магілёўскіх праваабаронцаў аб дапамозе ў вызваленні і рэабілітацыі асуджаных удзельнікаў акцыі, Ігар Марзалюк паведаміў, што накіраваў запыт начальніку УУС Магілёўскага аблвыканкама «з просьбай інфармавання аб прычынах затрымання» ўдзельнікаў праведзенага 15 сакавіка ў Магілёве «Маршу недармаедаў». У сваім адказе Марзалюк таксама піша, што калі затрыманыя парушылі заканадаўства, то адміністрацыйнае спагнанне, накладзенае на іх, правамернае, і меры па іх вызваленні і рэабілітацыі не могуць быць прынятыя. Адказ Марзалюк даў на рускай мове, нягледзячы на тое што заканадаўства аб зваротах грамадзян абавязвае даваць адказ на мове звароту, у гэтым выпадку беларускай[12].
19 красавіка 2019 года, падчас штогадовага паслання прэзідэнта Беларусі вельмі эмацыйна адрэагаваў на словы прэзідэнта аб суверэнітэце рэспублікі: ён плакаў, энергічна ківаў і апладзіраваў[15]. 6 мая 2019 года дэпутат ўрачыста адкрыў немудрагелістыя металічныя парэнчы на тэрыторыі гарадскога парку напярэдадні Дня Перамогі[16][17].
Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі (2020) выказаўся наконт перадвыбарнай кампаніі часткі альтэрнатыўных прэтэндэнтаў на статус кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, назваўшы іх вестунамі грамадзянскай вайны, якім не патрэбна спакойная сацыяльная эвалюцыя, не патрэбна моцная, па сапраўднаму суверэнная беларуская дзяржава.
Ім не патрэбны выбары — ім патрэбны фарс і памнажэнне нянавісці. Наша задача, задача патрыётаў, задача беларускіх дзяржаўнікаў, спыніць іх. Паказаць і ім, і іх замежным куратарам, што канстытуцыйны лад Беларусі нельга змяніць пры дапамозе гвалту, пры дапамозе перавароту [18]. |
Тады ж, напярэдадні выбараў, назваў затрыманых у Мінску байцоў групы «Вагнер» «засланымі прафейсінымі забойцамі і правакатарамі»[19].
15 сакавіка 2021 года ўвайшоў у склад Канстытуцыйнай камісіі, якая ў мэтах ажыццяўлення рэзалюцыі шостага Усебеларускага народнага сходу распрацоўвала прапановы па змяненні Канстытуцыі Беларусі і забяспечвала іх «усенароднае абмеркаванне»[20].
Гістарычныя погляды
У 2019 годзе ў артыкуле «Настаўніцкай газеты» ахарактарызаваў паўстанне 1863—1864 гадоў выключна польскім, а Кастуся Каліноўскага назваў носьбітам польскага нацыяналізму[21]. У сакавіку 2019 года ў інтэрв’ю тэлеканалу «Беларусь 1» выказаўся пра асобу Кастуся Каліноўскага: «Ёсць фігуры, якія могуць быць культавымі для нейкай субкультуры. Але чалавек, які называе, скажам, праваслаўе „сабачай верай“ (калі ў нас 80 % праваслаўных), ці можа такі чалавек быць нацыянальным героем краіны?»[22][23].
У красавіку 2019 года падтрымаў знос крыжоў у Курапатах: «У межах зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці, паводле беларускага заканадаўства, без дазволу Міністэрства культуры нельга ўзводзіць спаруды… У нас перад Вялікаднем прынята наводзіць парадак на месцах смутку, на месцах, дзе сапраўды загінулі людзі»[24].
9 лістапада 2020 года ў эфіры Сталічнага тэлебачання сцвярджаў, што «… казкі пра беларускіх князёў з павязкамі — гэта легенда аўстрыйская, пра аўстрыйскі чырвона-бела-чырвоны, украдзеная беларускімі нацыяналістамі ў пачатку 90-х гадоў ХХ стагоддзя і ўведзеная ў іх кніжачку. Калі казаць пра бел-чырвона-белы, то ён узнік у 1917 годзе. Чырвоная паласа з’явілася для таго, каб сімвалізаваць лютаўскую рэвалюцыю. На жаль, самая вялікая трагедыя гэтага палотнішча бел-чырвона-белага — гэта тое, што яго сапраўды выкарыстоўвалі беларускія нацыяналісты-калабарацыяністы, якія бралі ўдзел у супрацоўніцтве з нацыстамі». Свярджаў таксама, што лозунг «Жыве Беларусь», "… калі мы кажам не пра словаспалучэнне, а пра прывітанне, то мы адкрываем статут Саюза беларускай моладзі і бачым, што калі вы ніжэй па статусу, вы падыходзіце да старэйшага і вітаецеся: «Жыве Беларусь», прычым выкідваеце руку — зігуеце. А вам у адказ ваш начальнік лаканічна адказвае: «Жыве»[25].
У 2022 годзе адзначалася тэндэнцыйнасць выказванняў Ігара Марзалюка пра Наталлю Арсенневу[26] і рэакцыю беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў на «вызваленчы паход Чырвонай арміі» 1939 года ў Заходнюю Беларусь[27]. Паводле палітолага Вольфа Рубінчыка, пачынаючы з 2010-х гадоў Марзалюк — больш прапагандыст, чым даследчык[26].
У 2023 годзе на прапагандысцкай тэлеперадачы сфальсіфікаваў звесткі пра нібыта ўжыванне беларускага бела-чырвона-белага сцяга ў злачынствах Другой сусветнай вайны. Марзалюк паказаў вядомае фота з акругі Галіцыя на мяжы з Румыніяй, знятае 11 траўня 1943 года, якое змяшчае выяву здзекаў нацыстаў з яўрэяў перад расстрэлам, пры гэтым у аднаго з нацыстаў на чорна-белым фота павязка з трох ліній. Марзалюк схлусіў, што гэта фота з Беласточчыны, а на руцэ ў карнікаў бела-чырвона-белы сцяг[28].
Грамадзянская пазіцыя
У 2016 годзе ў інтэрв’ю «Радыё Свабода» выказаўся ў гамафобным духу[29]:
Я выступаю за смяротнае пакаранне. Я выступаю катэгарычна супраць абортаў. Я катэгарычна супраць прапаганды гомасексуалізму. Я не лічу, што перверсія і дэвіяцыя павінны лічыцца нормай. Я хрысціянін, я за традыцыйную, нармальную сістэму каштоўнасцей. Я хачу, каб Беларусь заставалася цэнтрам нармальнай хрысціянскай ідэнтычнасці. І самае парадаксальнае, што мы са сваёй постсавецкай спадчынай і неасавецкай спадчынай — захоўваем традыцыйнае праваслаўе, традыцыйны каталіцызм, традыцыйны пратэстантызм.
Мяне ванітуе ад слова «гендар», «гендарны баланс». Феміністкі — гэта жанчыны, у якіх ня склалася асабістае жыццё. Альбо гэта латэнтныя лесбіянкі, альбо гэта людзі, якія не рэалізавалі сябе ў жыцці. Няма фемінізму і гендара. Ёсць полавая ідэнтычнасць. |
У лютым 2023 года на дзяржаўным тэлеканале СТБ выказаўся за «пазітыўную дыскрымінацыю» рускай мовы на карысць беларускай. Прапанаваў выкладаць гуманітарныя прадметы ў школах па-беларуску. За што быў раскрытыкаваны актывістамі рэжыму Лукашэнкі[30].
Узнагароды
Узнагароджаны ордэнам Пашаны (2019)[31], медалём «За працоўныя заслугі», нагрудным знакам Міністэрства адукацыі «Выдатнік адукацыі», ганаровымі граматамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Савета Міжпарламенцкай Асамблеі дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў, медалём «За ўмацаванне парламенцкага супрацоўніцтва» Савета Міжпарламенцкай Асамблеі дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў[32].
Выбраная бібліяграфія
- Магілёў у XII — XVIII стст. Людзі і рэчы / І. А. Марзалюк. — Магілёў; Мінск: Веды, 1998.
- Людзі даўняй Беларусі: этнаканфесійныя і сацыякультурныя стэрэатыпы (X — XVII стст.) / І. А. Марзалюк. — Магілёў: МДУ імя А. А. Куляшова, 2003. — 324 с.
- Міфы «адраджэнскай» гістарыяграфіі Беларусі: манаграфія / І. А. Марзалюк. — Магілёў: МДУ імя А. А. Куляшова, 2009. — 148 с.
- Сімптомы «пажаданай гісторыі» / І. Марзалюк // ARCHE. — 2008. — № 3. — С. 37—52.
- У абарону праўдзівай гісторыі Новагародка Архівавана 5 сакавіка 2016. / І. Марзалюк // Беларуская думка. — 2013. — № 11. — С. 88—95.
- Успаміны пра Сяргея Рассадзіна / І. Марзалюк, Т. Маслюкоў // Маладосць. — 2017. — N 12. — С. 134—135.
Зноскі
- ↑ Czech National Authority Database Праверана 8 чэрвеня 2022.
- 1 2 3 Czech National Authority Database Праверана 7 лістапада 2022.
- ↑ Дзьмітры Гурневіч. Дэпутат Марзалюк 13 хвілінаў бараніў на СТВ «Пагоню». Але ёсьць нюанс (бел. (тар.)). svaboda.org (21 лістапада 2022).
- ↑ Марзалюк, І. Сімптомы «пажаданай гісторыі» // ARCHE № 3 (66), сакавік 2008. — С. 52.
- ↑ Лукашук, З. «Адкрыю страшэнную тайну — большасць сенатараў добра гавораць на мове»
- 1 2 БЧБ-сьцяжок на пінжаку, сын Альгерд. Расказваем гісторыю любімага гісторыка Лукашэнкі (бел. (тар.)). svaboda.org (2 студзеня 2023).
- ↑ «Мсціслаўшчына — адна з важнейшых, жыватворных крыніц нашай гісторыі…»(недаступная спасылка)
- ↑ Памятаеце тое відэа, дзе дэпутат Марзалюк блукае па горадзе ў дзіўным стане? Ён кажа, што перанёс інсульт на нагах // nn.by 27 жніўня 2020
- ↑ Будзьма.бай
- ↑ Два депутата парламента из Могилева ответили на обращения против налога на тунеядство (руск.). tut.by (13 снежня 2016). Архівавана з першакрыніцы 21-4-2019. Праверана 21-4-2019.
- ↑ Виновными за ситуацию с декретом № 3 Лукашенко назвал «ответственных чиновников»
- 1 2 Дэпутат Марзалюк запытаў начальніка Магілёўскай абласной міліцыі, чаму затрымалі ўдзельнікаў «Маршу недармаедаў»
- ↑ «Всю дурость уберут». Марзалюк на «Марше нетунеядцев» рассказал, когда изменят декрет № 3 Архівавана 19 сакавіка 2017.
- 1 2 У Магілёве запатрабавалі прыцягнуць дэпутата Марзалюка да адказнасці(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 17 красавіка 2017. Праверана 14 красавіка 2017.
- ↑ Растроганный депутат Марзалюк стал любимцем социальных сетей – видео (руск.). Sputnik (19 красавіка 2019). Праверана 18 студзеня 2021.
- ↑ В Могилеве торжественно открыли перила (руск.). Onliner.by (7 мая 2019). Праверана 18 студзеня 2021.
- ↑ «Небольшой подарок»: в Могилёве обустроили спуск в городском парке (руск.)(недаступная спасылка). СТБ (6 мая 2019). Архівавана з першакрыніцы 20 студзеня 2021. Праверана 18 студзеня 2021.
- ↑ Вестуны грамадзянскай вайны // belta.by 31 мая 2020
- ↑ «Дети наши прокатались как сыр в масле». Как губернатор и депутат агитировали за Лукашенко (руск.). ex-press.live (4 жніўня 2020). — «І самае страшнае, што можа быць, — гэта кроў на вуліцах рукамі засланых прафесійных забойцаў і правакатараў, якіх вы ўчора пабачылі ва ўсёй прыгажосці. Трынаццаць з іх — у спісе Iнтэрпола за свае подзвігі ў розных кропках зямнога шара. Падрыўнікі, снайперы, айцішнікі…» Праверана 21 лютага 2024.
- ↑ Указ Президента Республики Беларусь 15 марта 2021 г. № 105 «О Конституционной комиссии» (руск.) (17 сакавіка 2021). Праверана 20 сакавіка 2021.
- ↑ Марзалюк у «Настаўніцкай газеце»: Паўстанне 1863 года было польскім, а Каліноўскі быў польскім нацыяналістам . history.nashaniva.by. Архівавана з першакрыніцы 8-4-2019. Праверана 8-4-2019.
- ↑ Марзалюк: той, хто называў праваслаўе «сабачай верай», ня можа быць нацыянальным героем (бел. (тар.)) . svaboda.org (17 сакавіка 2019). Архівавана з першакрыніцы 8-4-2019. Праверана 8-4-2019.
- ↑ Інтэрв’ю са старшынёй пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі . tvr.by. Праверана 8-4-2019.
- ↑ Дэпутат Марзалюк назваў знос крыжоў у Курапатах навядзеньнем парадку перад Вялікаднем (бел. (тар.)) . svaboda.org (7 красавіка 2019). Архівавана з першакрыніцы 8-4-2019. Праверана 8-4-2019.
- ↑ Игорь Марзалюк: человек может поменять политическую точку зрения, но не в тот момент, когда происходит какое-то испытание Архівавана 9 лістапада 2020.
- 1 2 https://belisrael.info/?p=31516
- ↑ https://belisrael.info/?p=31907
- ↑ Марзалюк паказаў «сведчанне злачынстваў пад бела-чырвона-белым сцягам». Але гэта хлусня — вось што на фота . nashaniva.com (10 ліпеня 2023).
- ↑ Прафэсар Марзалюк ня будзе прымушаць дэпутатаў Палаты размаўляць па-беларуску
- ↑ Марзалюк супраць «блогераў-псеўдапатрыётаў»: хто каго? . novychas.online (22 лютага 2023).
- ↑ Лукашэнка ўзнагародзіў Марзалюка ордэнам Пашаны
- ↑ Марзалюк Ігар Аляксандравіч
Літаратура
- МАРЗАЛЮК Ігар Аляксандравіч // Сучасныя беларускія даследчыкі гісторыі Вялікага Княства Літоўскага : біябібліяграфічны даведнік / С. П. Марозаў. — Гродна-Каўнас: ЮрСаПрынт, 2022. — 290 с. — ISBN 978-985-7257-57-7, 978-609-96340-1-2.
- Марзалюк Ігар Аляксандравіч // Магілёўская даўніна. — Магілёў, 1995. — С. 15.
- Марзалюк Ігар Аляксандравіч // Памяць: Краснапольскі раён. — Мн., 2001. — С. 479.
- Марзалюк Игорь Александрович // Учреждение образования «Могилевский государственный университет имени А. А. Кулешова». (руск.)
Спасылкі
- Смалянчук, A.Ф. «Homo Sovieticus» і беларуская постсавецкая гістарыяграфія / А. Ф. Смалянчук // Історіографічні дослідження в Украіні. Випуск 22. Доповіді та матеріали Міжнародної наукової конференції «Інститут історії України на зламі епох, у світлі традицій та перетворень. 75 років інституціонального буття» (20-21 жовтня 2011 р., м. Київ). — Кіів: Інститут історіі Украіни, 2012. — С. 189—200.
- Сагановіч, Г. Прывід нацыі ў імгле стэрэатыпаў // Беларускі Гістарычны Агляд. — 2003. — Том 10. — Сшыткі 1-2 (18-19). — С. 280—318.
- Мікульскі, Ю. Увекавечанне міфа. Вакол помніка літоўскаму князю Міндоўгу ў Навагрудку / Ю. Мікульскі // Беларуская думка. — 2013. — № 1. — С. 69—76.
- Груша, А. Нужен ли Новогрудку памятник Миндовгу? Архівавана 28 сакавіка 2017. / А. Груша // Беларуская думка. — 2013. — № 8. — С. 96—103.
- Краўцэвіч, А. Блуканне па міфах Архівавана 5 сакавіка 2016. / А. Краўцэвіч // Беларуская думка. — 2013. — № 5. — С. 84—86.
- Гісторык патлумачыў, чаму заявы Марзалюка пра колькасць ахвяр савецкага рэжыму — цынічная няпраўда // Наша Ніва, 29 красавіка 2019
- Ігар Аляксандравіч Марзалюк у базе даных «История белорусской науки в лицах» Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі (руск.)