Івашка Яцкевіч Уладыка | |
---|---|
Нараджэнне | XV стагоддзе |
Смерць | не раней за 1504 |
Жонка | Марыя Васілеўна Збаражская[d] |
Дзеці | Ганна Іванаўна Уладыка[d][1] |
Івашка Яцкевіч Улады́ка (XV ст. — пасля 1504) — вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч, дыпламат. Пісар гаспадарскі. Цівун віленскі (зг. 1496), дзяржаўца маркаўскі (зг. 1496).
У літаратуры даюцца розныя варыянты імя па бацьку — Яськавіч, Ясковіч, Яцкавіч[2] і іншыя.
Вядомы з 1483 года як пісар[2] Канцылярыі вялікага князя Казіміра, падпісваўся «Ивашко Яцкевич Владыка, писарь». Потым служыў у Канцылярыі і пры вялікім князю Аляксандры. У лістападзе—снежні 1492 года «писарь Иван Владычка Яцкович» удзельнічаў у вялікалітоўскім пасольстве ў Маскву, якое паведамляла пра заняцце бацькоўскага стальца вялікім князем Аляксандрам і перадавала скаргі на памежныя крыўды маскоўскіх падданых. Тады Івашку Уладыку было даручана весці перамовы з дзякам Фёдарам Курыцыным.
Таксама вядома прыходна-расходная кніга «писаря господарского Ивашки Яцковича» на збор гаспадарскай даніны з Задзвінскіх воласцей і расход гэтых грошай, скончаная 21 сакавіка 1496 года. Паводле Юзафа Вольфа, апошняя згадка Івашкі Уладыкі тычыцца 1499—1500 гадоў, Аляксандра Груша адзначае, што Івашка не жыў ужо ў ліпені 1499 года[3], таксама вядомы прывілей вялікага князя Аляксандра ад 22 снежня 1500 года пану Андрэю Дрожчы на Рымавідаўскі дварэц па Івашку Уладыку як нябожчыку[4]. Аднак «Яцкевич Иван Владычко» згаданы сярод паслоў яшчэ ў 1504 годзе[5].
Атрымаў ад гаспадара Рымавідаўскі («Римовидовский») дварэц у Поразаве Ваўкавыскага павета. Большасць астатніх яго ўладанняў было ў Маркаўскім, Менскім і Лагойскім паветах — людзі на рацэ Волме ў сяле «Завидчичи», купленыя ў князя Сямёна Чартарыйскага ў 1493 годзе сяло Сялец[2] і палова Калодзезяў, купленае сяльцо Прылеп, двор «Гоголица» з людзі на рацэ Качыне[3]. У 1493 годзе прадаў двор Гаголіца з людзьмі і сенажацямі на рацэ Качыне, у тым ліку набытымі ў менскіх мяшчан і іншых асоб, пісару гаспадарскаму Федку Рыгоравічу.[6]
Быў жанаты з княжной Марыяй, дачкой князя Васіля Збаражскага. Пра іх нашчадкаў Юзаф Вольф нічога не паведамляе. Вядома дачка Ганна, да 1512 года была ўжо ў шлюбе з князем Васілём Іванавічам Саламярэцкім.
Сярод пісараў гаспадарскіх двое мелі мянушку або прыдомак «Уладыка» — Федка, сучаснік, і Аляксандр, у сярэдзіне XVI ст., — магчыма, сваякі або нашчадкі Івашкі Уладыкі.
Крыніцы
- ↑ Сліж Н. Сямейныя адносіны і шлюбныя стратэгіі Саламярэцкіх у 16 – першай палове 17 ст. // Гістарычны альманах — 2005. — вып. 11. — С. 89.
- 1 2 3 Груша 2012, с. 73.
- 1 2 Груша 2012, с. 74.
- ↑ LM-5 — Vilnius, 2012. — p. 153—154.
- ↑ Памятники дипломатических отношений Московского государства с Польско-литовским (1487—1533) // Сборник Императорского Российского Исторического Общества. — СПб., 1882. Т. 35. — С. 673.
- ↑ Груша 2012, с. 57, 74.
Літаратура
- Груша А. I. Ваколіцы Менска і іх уладальнікі ў 30-х гадах XV — пачатку XVI ст. // Мінск і мінчане: дзесяць стагоддзяў гісторыі. Крыніцы па гісторыі горада. Сацыяльныя структуры і паўсядзённасць : (да 945-годдзя Мінска): зборнік навуковых артыкулаў / уклад. А. І. Груша. — Мінск, 2012. — С. 50-89.
- Попова-Яцкевич Е. Г. Польская шляхта в России: род Яцкевичей герба «Gozdawa» // Поляки в России: XVII—XX вв. Материалы международной научной конференции. — Краснодар: Кубан. гос. ун-т, 2003. — 340 с. — С. 86-94.