Іван Паўлавіч Сікора | |
---|---|
Дата нараджэння | 19 верасня 1885 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 26 верасня 1966 (81 год) |
Грамадзянства | |
Дзеці | Віктар Сікора |
Род дзейнасці | селекцыянер |
Узнагароды |
Іван Паўлавіч Сіко́ра[1] (19 верасня 1885, вёска Малыя Алашкі — 26 верасня 1966) — беларускі селекцыянер-аматар. Заслужаны аграном БССР (1956).
Біяграфія
Скончыў Полаўскае пачатковае вучылішча, Краснагорскую настаўніцкую школу. Ваенную службу праходзіў у Хабараўскім краі. У першую сусветную вайну быў на фронце. У 1925 годзе закончыў Кракаўскія курсы настаўнікаў. Служыў садоўнікам графа Пшаздзецкага ў Варапаеве, дзе і пачаў весці даследчую працу па садаводстве.
15 красавіка 1941 года па рашэнні СНК БССР адкрыўся на базе сада І. П. Сікоры Паўночны апорны пункт Беларускага навукова-даследчага інстытута бульбаводства, пладаводства і агародніцтва. У садзе прайшлі апрабаванне звыш 600 сартоў яблынь, больш 100 сартоў груш, 500 сартоў агрэсту. Вяршыняй селекцыйнай дзейнасці стаў гібрыд № 1377, плады якога аматары вобразна назвалі «Яблыкамі XXІ стагоддзя». Пасля смерці І. П. Сікоры сорт атрымаў назву «Памяць Сікоры».
Сям’я
Меў сына Віктара, які быў адным з кіраўнікоў Саюзу беларускай моладзі ў Паставах, лідарам мясцовай філіі Беларускай незалежніцкай партыі, камандзірам партызанскага антысавецкага аддзелу на Пастаўшчыне, а пазней — вязнем ГУЛАГу. Пасля вызвалення і вяртання на радзіму сын Віктар разам з Адай Райчонак стварыў у Малых Алашках музей Івана Сікоры і даглядаў ягоны сад.
Узнагароды
Іван Паўлавіч быў узнагароджаны Граматай Вярхоўнага Савета БССР, Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР і Вялікім сярэбраным медалём ВДНГ СССР. У 1956 годзе яму было прысвоена званне Заслужаны аграном БССР.
Зноскі
Літаратура
- Сікора Іван Паўлавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 373. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).
- Славутыя землякі // Памяць: Шаркаўшчынскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / уклад. Л. М. Лабачэўская; маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн., 2004 — С. 424—436.
- Сіко́ра Іван Паўлавіч // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 660. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
Спасылкі
- Сікора Іван Паўлавіч на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»
- Сёння мы больш ведаем прозвішча Сікоры дзякуючы яго гібрыду яблыка пад нумарам 1337 // Беларусь Сегодня
- Сікора Іван Паўлавіч // Прыдзвінскі край: гісторыя і сучаснасць на сайце Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна