Іван Мікалаевіч Шыла | ||||
---|---|---|---|---|
Дата нараджэння | 15 чэрвеня 1950 (73 гады) | |||
Месца нараджэння | ||||
Грамадзянства | СССР → Беларусь | |||
Род дзейнасці | выкладчык універсітэта | |||
Навуковая сфера | механізацыя сельскай гаспадаркі | |||
Месца працы | ||||
Навуковая ступень | доктар тэхнічных навук (1993) | |||
Навуковае званне | прафесар (2004) | |||
Альма-матар |
|
|||
Прэміі |
|
|||
Узнагароды |
|
Іван Мікалаевіч Шыла (нар. 15 чэрвеня 1950, в. Ямнае, Столінскі раён, Брэсцкая вобласць) — беларускі вучоны ў галіне механізацыі сельскай гаспадаркі. Доктар тэхнічных навук (1993), прафесар (2004), заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (2018).
Біяграфія
У 1967—1972 гадах вучыўся на матэматычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 1972 года працаваў у Цэнтральным навукова-даследчым інстытуце механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі (ЦНДІМЭСГ) Нечарназёмнай зоны СССР на пасадах малодшага, старшага навуковага супрацоўніка і загадчыка лабараторыі.
Абараніў дысертацыю на суісканне вучонай ступені кандыдата навук (1981) і доктара тэхнічных навук па спецыяльнасці «Эксплуатацыя, аднаўленне і рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі» (1993). У 2004 годзе прысвоена вучонае званне прафесара.
У 1998 годзе прызначаны намеснікам дырэктара па навуковай рабоце Беларускага навукова-даследчага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі (БелНДІМСГ, раней — ЦНДІМЭСГ), у 2001 годзе — намеснікам прэзідэнта Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь.
У 2002—2013 гадах — першы прарэктар, у 2013—2021 гадах — рэктар Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта (БДАТУ).
Навуковая дзейнасць
Кірункі навуковых даследаванняў: сістэма навуковага забеспячэння механізацыі сельскай гаспадаркі, аптымізацыя параметраў тэхнічных сродкаў, тэхналагічных працэсаў; фарміраванне і рэалізацыя сістэм машын для сельскай гаспадаркі.
Пад яго кіраўніцтвам і пры яго ўдзеле выкананы шэраг навуковых прац па аптымізацыі параметраў тэхналагічных працэсаў і тэхнічных сродкаў для сельскай гаспадаркі, фарміраванні сістэм машын для раслінаводства і жывёлагадоўлі. Прапанаваныя ім навуковыя ідэі былі пакладзены ў аснову распрацоўкі «Канцэпцыі развіцця механізацыі і аўтаматызацыі вытворчасці Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2000 г.», зацверджанай Калегіяй Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання ў 1996 годзе.
Унёс істотны ўклад у стварэнне інавацыйнай сістэмы адукацыйнага працэсу ў БДАТУ. Пад ягоным кіраўніцтвам распрацаваны адукацыйныя стандарты і тыпавыя навучальныя планы па 10 спецыяльнасцях, здзейснены перавод навучальнага працэсу на модульна-рэйтынгавую тэхналогію навучання. Займаў пасаду старшыні спецыялізаванага Савета па абароне доктарскіх дысертацый пры БДАТУ; пад яго кіраўніцтвам абаронены шэсць кандыдацкіх і адна доктарская дысертацыя.
Аўтар больш 700 навуковых прац (з іх 94 — за мяжой), у тым ліку 7 манаграфій, 2 падручнікаў, 43 вучэбна-метадычных дапаможнікаў, 190 патэнтаў на вынаходствы.
Узнагароды і прэміі
Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2010), ганаровымі граматамі Савета Міністраў (2004) і Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі (2008, у суаўтарстве) — за працу «Стварэнне канструкцый і арганізацыя вытворчасці сямейства збожжаўборачных камбайнаў „Палессе“».
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 18. Кн. 1: Дадатак: Шчытнікі — Яя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2004. — Т. 18. Кн. 1. — С. 9. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0295-4 (т. 18. Кн. 1).
- Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол. Г. П. Пашков и др. — Минск, 2008. — С. 589
Спасылкі
- Асабістая старонка Архівавана 17 кастрычніка 2021. на сайце БДАТУ (руск.)
- Асабістая старонка на сайце вучоных-аграрыяў (руск.)