Іван Маразовіч | |
---|---|
Асабістыя звесткі | |
Псеўданімы | Янка Маланка, Янка Грамабой, Язэп Грамабой, Гаўрыла Пярун, Янка Барысаўскі і Ляо Дзэ |
Дата нараджэння | 1895 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 1937 |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | паэт, сатырык, журналіст, мастак, карыкатурыст, рэдактар, выдавец |
Мова твораў | беларуская |
Творы ў Вікікрыніцах | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Іва́н (Я́нка) Маразо́віч (псеўд. Я́нка Мала́нка; 1895, Барысаў — 1937, м. Яшуны, Віленскае ваяводства, цяпер Літва) — беларускі паэт, сатырык, журналіст і мастак.
Біяграфія
Скончыў гімназію ў Барысаве. У 1916 годзе мабілізаваны ў расійскую армію. З 1920 года працаваў дробным служачым у мястэчку Яшуны паблізу Вільні. З 1925 года актыўна выступаў у перыядычным друку Заходняй Беларусі. Пэўны час, паміж 1926—1928 гадамі — адказны рэдактар сатырычнага часопіса «Маланка» (Вільня), звязанага з дзейнасцю Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Пахаваны ў Яшунах.
Творчасць
Дэбютаваў гумарэскамі ў часопісе «Авадзень», тэксты не выяўлены. Першыя вядомыя публікацыі вершаў, бясспрэчнага аўтарства Івана Маразовіча, датаваны 1925 годам. З 1926 года рэгулярна друкуе вершы, жарты, фельетоны, палітычныя частушкі ў часопісе «Маланка» пад рознымі псеўданімамі і крыптанімамі. Друкаваўся ў заходнебеларускіх выданнях «Беларуская доля», «Беларуская ніва», «Беларуская крыніца», «Наш голас», «Наша праўда», «Права працы» і інш.
У вершах Янкі Маланкі гучалі матывы сацыяльнага і нацыянальнага разняволення беларускага народа, яго духоўнага абуджэння. У сатырычных вершах асвятляў грамадска-палітычнае жыццё Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы. Выступаў супраць палітыкі польскіх уладаў. Выкарыстоўваючы прыём літаратурнай містыфікацыі друкаваў абразкі тагачасных падзей у Кітаі, бо жыццё ў Заходняй Беларусі нагадвала жыццё ў іншых каланіяльных і залежных краінах (у 1920-я гады «кітайскія» і «індыйскія» матывы былі пашыраныя сярод пісьменнікаў Заходняй і Савецкай Беларусі)[1].
У чаосопісе «Маланка» выступаў і як мастак, аўтар шматлікіх малюнкаў і тытульных лістоў[1].
Апошнія літаратурныя публікацыі Івана Маразовіча датаваны 1929 годам. Потым адышоў ад літаратурна-мастацкай і грамадскай дзейнасці. Рукапісы твораў захоўваюцца ў Цэнтральнай бібліятэцы АН Літвы.
Псеўданімы: Янка Маланка, Ляо Дзэ, Ляо-Дзе, Пярун, Гаўрыла Пярун, Язэп Грамабой, Янка Грамабой, Янка Барысаўскі; крыптанімы: І.М., Я.М., Янка М. і інш
Зноскі
- 1 2 Багдановіч І., Ліс. А. 1994, с. 192.
Літаратура
- Багдановіч І., Ліс. А. Янка Маланка // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1994. — Т. 4. Лазарук — Перкін. — С. 192—193. — 524 с.; іл.. — ISBN 5-85700-153-6.
- Маланка Янка // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 10. — 544 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0169-9 (т. 10).
- Кароткі нарыс беларускага пытаньня: — Мн.: Логвінаў, 2009. — 396 с. — (Кнігарня «Наша Ніва»). — ISBN 978-985-6901-22-8