Іван Іванавіч Кузняцоў
Дата нараджэння 24 студзеня 1919(1919-01-24)
Месца нараджэння
Дата смерці 29 студзеня 1986(1986-01-29) (67 гадоў)
Альма-матар
Месца працы
Музычная дзейнасць
Педагог Мікалай Ільіч Аладаў і Віктар Аркадзевіч Белы
Прафесіі кампазітар
Грамадская дзейнасць
Член у
Узнагароды
Ордэн «Знак Пашаны»
Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларускай ССР

Іван Іванавіч Кузняцоў (24 студзеня 1919, в. Ціманава, цяпер Валуйскі раён, Белгародская вобласць, Расія — 29 студзеня 1986) — беларускі кампазітар. Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1967).

Біяграфія

Нарадзіўся ў в. Ціманава Валуйскага раёна. У 1938 г. скончыў Валуйскае педагагічнае вучылішча. Працаваў дырэктарам школы ў Казахстане. У 1939 г. быў прызваны ў армію, удзельнічаў у баях з белафінамі, дзе быў паранены. У час Вялікай Айчыннай вайны працаваў у Валгаградскай вобласці (да 1946 г.). Затым пераехаў у Беларусь. Скончыў дырыжорска-харавое аддзяленне Гомельскага музычнага вучылішча. З 1948 па 1953 г. вучыўся ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі імя А. В. Луначарскага (клас кампазіцыі прафесараў М. І. Аладава і В. А. Белага). У гэты ж час пачалі з’яўляцца і яго першыя прафесійныя творы. У 1953—1955 гг. І. Кузняцоў працаваў старшым інспектарам у Міністэрстве культуры БССР, у 1957—1960 гг. старшым рэдактарам, у 1960—1970 гг. загадчыкам рэдакцыі музычнай літаратуры выдавецтва «Беларусь». Адначасова дапамагаў калектывам мастацкай самадзейнасці, кансультаваў маладых кампазітараў. З 1955 г. ён член Саюза кампазітараў БССР. У 1967 г. атрымаў званне заслужанага дзеяча мастацтваў БССР.

Творчасць

Творчая спадчына І. Кузняцова багатая і разнапланавая. Вядучае месца заняла вакальная музыка, менавіта яна прынесла аўтару найбольшы поспех. Займаўся таксама вакальна-інструментальнай, сцэнічнай, аркестравай, камерна-інструментальнай, прыкладной музыкай. Ім напісана шмат твораў самых розных жанраў і напрамкаў (кантаты, хоры a capella, аперэты, сюіты, апрацоўкі народных песень, масавыя песні для хору, песні для народнага хору з баянам ці фартэпіяна, харавыя песні для дзяцей і інш.). Яны розныя па настроі і гучанні, ёсць лірычныя, гумарыстычныя, сатырычныя, грамадзянска-патрыятычныя, сацыяльна-палітычныя творы. Вызначаюцца своеасаблівай рытмікай, разнастайнымі прыёмамі імітацыйнай поліфаніі, яркай вобразнасцю і эмацыянальнасцю. Асноўныя творы кампазітара — кантаты для салістаў, хору і сімфанічнага аркестра: «Поля степные» (словы К. Разганаева, А. Дзеружынскага, 1958), «Гимн Родине и человеку-творцу» і «Светлы шлях» (словы А. Дзеружынскага, 1963, 1967); кантаты «Радуйся, наша земля» для хору без суправаджэння (словы А. Дзеружынскага, 1961) і «Нёманскі край» для народнага хору і аркестра беларускіх народных інструментаў (словы А. Русака, 1968); танцавальная карцінка «Слуцкія паясы» (1959); уверцюра «Праздничная Беларусь» (1961); сюіта для хору без суправаджэння «У родным краі»: «Нараджэнне дня» (словы П. Панчанкі), «Жніўная» (словы А. Гурло), «У калгасным клубе» (словы М. Алтухова), «Ноч» (словы М. Багдановіча), «Дума» (словы А. Дзеружынскага) (1959); харэаграфічная сюіта «Ивенецкие сувениры» (1972); аперэта «Новая пристань» (лібрэта І. Васілеўскага, 1977); музыка да драматычных спектакляў, у тым ліку «Серебряное копытце» (паводле П. Бажова), «Р. В. С.» (паводле А. Гайдара), «Кошкин дом» (К. Чукоўскага) і інш. Папулярнымі сталі песні, прысвечаныя Радзіме, тэмам барацьбы за мір, праслаўленню працоўнага чалавека («Радзіма», «Мая Рэспубліка», «Беларусь — наша маці», «Вайне не бываць», «Песня мірных людзей», «Свету мір» і інш.).

Кампазітар І. Кузняцоў вывучаў беларускі і рускі фальклор, рабіў апрацоўкі народных песень і ствараў уласныя. Яго «Вясельная — застольная» (словы А. Русака) нават была ўключана ў «Анталогію беларускай народнай песні». Глыбінёй пачуццяў, паэтычнасцю зместу вабяць песні «Я выйду за аколіцу», «Ходзяць песні над ракою». Для бытавых і жартоўных песень «На вечарынцы», «Скрыпка і бубен», «Бабка», «Гусак» і некаторых іншых характэрны танцавальныя рытмы, каларытнасць музычных сродкаў, гумар. П’есы І. Кузняцова для ансамбля дудароў, такія як «За околицей» і «Копыльские дудари» (1971), «Пасею я ружу» і «Купалінка» (1973), з’яўляюцца яскравымі жанравымі замалёўкамі з песенна-танцавальнай асновай. Кампазітар быў неаднаразовым пераможцам розных песенных конкурсаў. Яго песні выконвалі прафесіянальныя і самадзейныя артысты і калектывы. Асаблівай папулярнасцю карысталіся «Солигорский вальс», «Песня нарочанских рыбаков», «Край Слуцкий», «На вечеринке», «Песня студентов», «Ты гори, гори, костер», а таксама цыкл песень, прысвечаны пагранічнікам.

Узнагароды

За заслугі ў развіцці беларускага музычнага мастацтва кампазітар І. Кузняцоў быў узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» і медалямі.

Літаратура

  • Кузняцоў Іван Іванавіч // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. Мн.: БелЭн, 1995. — С. 407. — 800 с. 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.