Іаан (Пашын)
Іаан (Пашын)
Епіскап Тураўскі, вікарый Мінскай епархіі
7.4.1923 1926
Царква Руская праваслаўная царква

Адукацыя Слуцкае духоўнае вучылішча (1895)
Мінская духоўная семінарыя (1901)
Дзейнасць святар
Імя пры нараджэнні Іван Дзмітрыевіч Пашын
Нараджэнне 8 мая 1881(1881-05-08)
Смерць 11 сакавіка 1938(1938-03-11) (56 гадоў)
Дзеці Надзея (1902), Васіль (1907)
Епіскапская хіратонія 1923

Узнагароды
медаль «У памяць руска-японскай вайны» Medal In memory of 25th anniversary of church schools

Епіскап Іаан (у свеце: Іван Дзмітрыевіч Пашын; 20 (8) мая 1881, Петрыкаў, Мазырскі павет, Мінская губерня — 11 сакавіка 1938, Ухта, СССР) — беларускі праваслаўны дзеяч, архіерэй, свяшчэннамучанік, епіскап Тураўскі (1923—1926), епіскап Рыльскі (1929—1933).

Біяграфія

Беларус. Нарадзіўся ў сям’і праваслаўнага святара. Маці паходзіла са старадаўняга беларускага святарскага роду Завітневічаў[1]. Рана страціў бацьку і выхоўваўся пад апекай дзеда, які быў настаяцелем царквы ў Скрыгалаве. У 1895 годзе на выдатна скончыў Слуцкае духоўнае вучылішча, у 1901 годзе — Мінскую духоўную семінарыю.

Па заканчэнні семінарыі быў пасвечаны ў іерэя і прызначаны настаяцелем Пакроўскай царквы ў вёсцы Князь-Возера Мазырскага павета. Потым выкладаў у народным вучылішчы ў суседняй вёсцы Дзякавічы.

У 1903 годзе па ўласнай просьбе пераведзены ў мястэчка Скрыгалаў. Па яго ініцыятыве ў мястэчку збудавалі капліцу ў гонар мітрапаліта кіеўскага Макарыя, забітага на гэтым месцы крымскімі татарамі ў 1497 годзе. У ёй знаходзіліся прывезеная Іаанам з Кіева часцінка мошчаў мітрапаліта і старажытны абраз[2].

1 кастрычніка 1905 года стаў настаўнікам Скрыгалаўскай царкоўна-прыходскай школы, з 1906 года — Лешненскай царкоўна-прыходскай школы, з 1907 года — Скрыгалаўскага народнага вучылішча.

У 1909 годзе накіраваны ў вёску Прылепы Мінскага павета на пасаду святара Георгіеўскай царквы. Ён заснаваў у прыходзе брацтва цвярозасці, з 1909 да 1922 года вёў летапіс, які ўтрымлівае звесткі пра храм, пастырскае служэнне і жыццё прыхаджан. У 1913—1916 гадах пры яго ўдзеле ў Прылепах зубдавалі новую царкву.

У 1916—1917 гадах навучаўся ў Санкт-Пецярбургскай і Маскоўскай духоўных акадэміях.

7 красавіка 1923 года епіскап Мінскі і Тураўскі Мелхіседэк пасвяціў Іаана ў сан епіскапа Тураўскага і Мазырскага, вікарыя Мінскай епархіі. Пасяліўшыся ў Петрыкаве, ён шмат служыў і наведваў прыходы вікарыяцтва. Арыштаваны ў сакавіку 1926 года за адкрыццё царкоўна-прыходскай школы ў сваёй хаце, што разглядалася ўладамі як «агітацыя супраць савецкай улады»[2].

Быў высланы з Петрыкава і пасяліўся ў Лоеве, адкуль працягваў кіраваць епархіяй. За гэта яго зноў арыштавалі і прысудзілі да трох гадоў ссылкі ў мястэчка Зыранскае Томскай вобласці. У жніўні 1929 года пераведзены на вольнае пасяленне ў Курскую вобласць, прызначаны епіскапам Рыльскім, вікарыем Курскай епархіі[3].

Паўторна арыштаваны ў 1932 годзе і прысуджаны да 10 гадоў зняволення ў лагерах. Быў этапаваны ў Сароўскі, пасля Цёмнікаўскі, Ветлужскі, Ухта-Пячорскі лагер Комі. 2 снежня 1937 года абвінавачаны ў правядзенні «антысавецкай агітацыі сярод зняволеных» і ў 1938 годзе расстраляны. Рэабілітаваны ў 1994 годзе.

Памяць

Абраз

Быў праслаўлены Рускай Праваслаўнай Царквой у ліку свяшчэннамучанікаў. У 2004 годзе Святы Сінод Беларускай Праваслаўнай Царквы прыняў рашэнне аб далучэнні свяшчэннамучаніка Іаана да Сабора беларускіх святых[4]. Абраз з выявай святога знаходзіцца ў гродзенскім Пакроўскім саборы[5].

Узнагароды

Зноскі

  1. 1 2 Ф. Крыванос, Г. Э. Шчаглоў. Іаан (Пашын) (руск.). Праваслаўная энцыклапедыя, Т. 23 (27 лютага 2012). Праверана 11.01.2019.
  2. 1 2 Свяшчэннамучанік Іаан (Пашын), епіскап Рыльскі . Прыход Свята-Петра-Паўлаўскага сабора горада Мінска (18 жніўня 2011). Праверана 11.01.2019.
  3. 1 2 Свяшчэннамучанік Іаан (Пашын) (руск.). Сайт сінаідальнага аддзела па справах манастыроў і манаства Беларускага экзархата Маскоўскага патрыярхата (9 сакавіка 2017). Праверана 11.01.2019.
  4. Беларуская Праваслаўная Царква ў канцы XX — XXI стагоддзях . Афіцыйны партал Беларускай Праваслаўнай Царквы. Праверана 11.01.2019.
  5. Іконы навамучанікаў у Свята-Пакроўскім кафедральным саборы горада Гродна (недаступная спасылка). Сайт Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора г. Гродна (17 жніўня 2016). Архівавана з першакрыніцы 31 студзеня 2020. Праверана 11.01.2019.

Літаратура

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.